РНЕ рэалізуе свае пагрозы?
"НН" ўжо паведамлялі аб тым, што віцебскія праваахоўныя органы вырашылі не заводзіць крымінальныя справы па фактах атрымання пагроз грамадзянамі горада ад імя Віцебскай філіі незарэгістраванай арганізацыі РНЕ. Нагадаем: такія лісты атрымалі сябра КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў, старшыня гарадской арганізацыі АГП Алена Залеская, рэдактар недзяржаўнай газеты "Віцебскі кур'ер" Уладзімір Базан, кіраўнік літаратурнага аддзелу тэатра "Лялька" Вікторыя Дашкевіч, беспартыйныя актывісты Барыс Хамайда і Сяргей Каваленка, выканаўца абавязказ старшыні абласной арганізацыі КХП БНФ Ян Таўпыга. Апошнімі днямі РНЕ, падобна, перайшла да рэалізацыі сваіх пагроз.
Як паведаміў спадар Дзяржаўцаў Радыё Свабода, увечары 29 кастрычніка двое невядомых збілі яго 18-гадовага сына Аляксандра. Хлопцу разбілі твар. Білі моўчкі, толькі напрыканцы адзін з налётчыкаў выразіў задавальненне: маўляў, нарэшце мы табе знайшлі. Ян Дзяржаўцаў лічыць, што напад на яго сына маглі зрабіць тыя, хто пагражаў яму ад імя РНЕ.
Дарэчы, на Аляксандра Дзяржаўцава напалі ў той вечар, калі на адным з дамоў па вуліцы Горкага ў Віцебску з'явіўся бел-чырвона-белы сцяг. Ў лісце, які ад імя РНЕ быў дасланы спадару Дзяржаўцаву, невядомыя звяртаюцца да яго як да "Мірона" і пагражаюць "пакараць", калі у Віцебску яшчэ хоць раз з'явіцца бел-чрвона-белы сцяг. Чаму невядомыя палічылі яго легендарным "Міронам", Ян Дзяржаўцаў не ведае, але не выключае, што з'яўленне сцяга і напад на яго сына неяк звязаны паміж сабой.
Аляксандр Дзяржаўцаў прайшоў судова-медыцынскую экспертызу і атрымаў даведку з пералікам нанесеных яму пашкоджанняў. Яго бацька рыхтуе чарговую заяву ў пракуратуру, паведамляе Радыё Свабода.