Аляксандр Косінец хоча, каб дзеці на канікулах больш чыталі

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец лічыць неабходным павялічыць спіс літаратуры для абавязковага прачытання школьнікамі на летніх вакацыях. Аб гэтым ён заявіў напярэдадні на пасяджэнні аблвыканкама, дзе разглядаўся ход рэалізацыі мерапрыемстваў Года кнігі ў рэгіёне.

Адказваючы на пытанне губернатара аб цяперашнім спісе кніг для абавязковага прачытання, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў пашкадаваў, што ў параўнанні з савецкай школай ён менш амаль у два разы. Акрамя таго, у выпускных класах усяго адна гадзіна літаратуры, а раней на вывучэнне гэтага прадмета адводзілася не менш трох гадзін у тыдзень.

Старшыня аблвыканкама канстатаваў, што неабходна адраджаць любоў да кнігі. На яго думку, спіс літаратуры, якую школьнік павінен прачытаць летам, неабходна падвоіць, а колькасць гадзін для вывучэння літаратуры можна павялічыць за кошт факультатыўных заняткаў. "Што б мы ні казалі аб наступе Інтэрнэту, электронных СМІ, без кніжнага слова іх не будзе", – лічыць ён.

Школьныя бібліятэкі вобласці маюць патрэбу ў абнаўленні бібліятэчных фондаў класічнымі дзіцячымі і мастацкімі творамі беларускіх, рускіх, замежных аўтараў. Паводле звестак упраўлення адукацыі аблвыканкама, цэнтралізавана такая літаратура не паступала ў бібліятэкі ўстаноў адукацыі больш за 20 гадоў. Аддзелам адукацыі часта прапануецца ў асноўным дарагая кніжная прадукцыя сучасных аўтарскіх калектываў або аўтараў, якая мала выкарыстоўваецца ў навучальным працэсе.

У сувязі з гэтым Віцебскі аблвыканкам вырашыў прадугледзець мэтавае фінансаванне аддзелаў адукацыі на набыццё мастацкай, вучэбна-метадычнай, сацыяльна-значнай і мастацкай літаратуры для фарміравання і папаўнення бібліятэчных фондаў устаноў адукацыі.

БелТА

Меткі: , , ,

Чытайце яшчэ