Хакейная дружына Віцебшчыны на сваёй пляцоўцы сустрэнецца з камандай Міншчыны
У віцебскім Палацы спорту ў суботу, 1 снежня, адбудзецца матч паміж хакейнымі дружынамі Віцебскай і Мінскай абласцей. Гэта будзе чарговы матч у межах першых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакею сярод аматарскіх каманд на прызы “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба”.
Пачатак гульні ў 15 гадзін. Уваход вольны. Адзначым, што віцебскія заўзятары, якія сочаць за гэтым турнірам, упершыню ўбачаць дружыну Прыдзвіння на роднай пляцоўцы.
Як ужо паведамлялі “ННВ”, праз тыдзень, 8 снежня, дружына Віцебскай вобласці сустрэнецца ў мінскім Палацы спорту з найсур’ёзнейшым супернікам – камандай прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якая, натуральна, з’яўляецца лідэрам гэтых спаборніцтваў.
Што тычыцца нашага бліжэйшага суперніка – каманды Міншчыны, то яна ўжо мае ў сваім актыве адну перамогу. А вось аматарская зборная Віцебшчыны пакуль поспехамі пахваліцца не можа: у сваёй першай гульні з камандай Гродненшчыны 10 лістапада яна прайграла з лікам 2:3.
Нагадаем, што першыя рэспубліканскія спаборніцтвы сярод аматарскіх каманд на прызы “Прэзідэнцкага спартыўнага клуба” пачаліся 3 лістапада і скончацца ў красавіку 2008 года. Прызы аспрэчваюць 7 каманд – аматарскія зборныя абласцей краіны і каманда прэзідэнта.