На Лепельшчыне злавілі драпежную рыбу-алігатар
У Сергучоўскім канале на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка ў Лепельскім раёне злавілі паўночнаамерыканскага панцырнага шчупака ці рыбу-алігатар. Натуральным асяродкам пражывання для яе з’яўляюцца прэсныя вадаёмы Паўночнай і Цэнтральнай Амерыкі. Ад звычайнага шчупака рыба-алігатар адрозніваецца шчыльнай лускай і галавой, падобнай на галаву алігатара. Драпежнік, які можа дасягаць 2-3, а то і 6 метраў у даўжыню, харчуецца іншымі рыбамі і нават дробнымі вадаплаваючымі птушкамі. Ворагаў у яго няма – вантробы і ікра рыбы-алігатара атрутныя.
Як паведаміў БелТА навуковы супрацоўнік запаведніка Юры Бабуцкі, сергучоўскі экзэмпляр злавілі рукамі на мелкаводдзі. Ён невялікі – усяго 35 сантыметраў у даўжыню. На думку вучонага, у канале, які ўпадае ў раку Беразіну, могуць жыць яшчэ некалькі панцырных шчупакоў. А трапілі яны ў беларускую раку, хутчэй за ўсё, з акварыума аматара. Упершыню рыбы-алігатары з’явіліся ў акварыумістаў 20 гадоў таму. У хатніх умовах яны дасягаюць не больш за 20 сантыметраў у даўжыню. А паколькі знойдзены экзэмпляр значна большы, то спецыяліст мяркуе, што рыбы жывуць у канале ўжо не адзін год.
Навукоўцы звярнуліся з просьбай да мясцовых жыхароў, каб яны паведамлялі ў запаведнік, калі хтосьці зловіць незычайную рыбу яшчэ. Насельніцтва папярэдзілі і пра тое, што мяса рыбы-алігатара атрутнае. Злоўлены экзэмпляр нападкаў незайздросны лёс: ён стаў заспіртаваным экспанатам.
На наступны дзень пасля з’яўлення гэтай інфармацыі «Белорусские н*и» паведамілі, што рыбу-алігатар знайшлі таксама і ў самой рацэ Беразіна, побач з цэнтральнай сядзібай Бярэзінскага біясфернага запаведніка.