Віцебскі астраном адкрыў новую камету
Астраном з Віцебска Віталь Неўскі і яго расійскі калега Арцём Навічонак, праводзячы назіранні ў кіславодскай абсерваторыі, 21 верасня адкрылі новую камету. Нябеснае цела зарэгістраванае пад назвай C/2012 S1 (ISON).
Перашапачаткова астраномы палічылі заўважаны аб’ект астэроідам, аднак потым удакладнілі свае назіранні. Пазней адкрыццё было пацверджана іншымі абсерваторыямі.
26 снежня 2013 года адкрытая камета павінна прайсці ў 0,42 астранамічнай адзінкі ад Зямлі. Астраномы мяркуюць, што калі яна не разбурыцца на падлёце, як гэта ўжо было з каметай C/2010 X1 (Elenin), то нас чакае, магчыма, самая яркая камета дзесяцігоддзя, якая зможа зацямніць камету C/2011 L1 (Pan-STARRS).
Гэта ўжо не першае адкрыццё віцебскага астранома Віталя Неўскага. Так, дзякуючы яму, на небасхіле з’явіўся астэроід Vitebsk. Спадар Неўскі ў 1991—1992 гадах, толькі скончыўшы школу, пабудаваў у 20 км ад Віцебска першую ў Беларусі прыватную абсерваторыю. Прачытаць пра гісторыю яе стварэння можна на сайце абсерваторыі.