У Коласаўскім тэатры прадставілі канцэртную версію “Сымона-музыкі”
У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа адзнычылі 130-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай і сусветнай літаратуры. У тэатральнай гасцёўні (новы праект віцебскага драмтэатра) прайшоў вечар-ушанаванне памяці песняра “Ад казак вечароў, ад песень дудароў…”.
У першай частцы імпрэзы гледачы ўбачылі канцэртную версію знакавай для беларускай літаратуры паэмы Коласа “Сымон-музыка”. Спектакль па гэтым творы ў пастаноўцы Валерыя Мазынскага ішоў на коласаўскай сцэне з 1976 па 1987 год. У 1985 годзе ў галоўнай ролі ў ім дэбютаваў Міхась Краснабаеў. А ўчора ён выйшаў на сцэну ўжо не толькі ў вобразе Сымона-музыкі, але і ў якасці пастаноўшчыка канцэртнай версіі спектакля.
На сённяшні дзень у рэпертуары віцебскага драмтэатра, які з 1944 года носіць імя Якуба Коласа, гэта адзіная пастаноўка паводле творчасці народнага пісьменніка Беларусі.
«Сымона-музыку» Якуб Колас пачаў пісаць у 1911 годзе, знаходзячыся ў астрозе. Адзін з рукапісаў твора скралі… Канчаткова праца над ім скончылася толькі ў 1925 годзе. З таго часу ліра-эпічная паэма, у якой аўтар даследуе працэс творчасці і паказвае нараджэнне мастака з народа, музыкі-самародка, займае адметнае месца ў нашай літаратуры.
Вельмі яскравай атрымалася сцэна ў спектаклі, калі дзед Курыла (ролю выконвае акцёр Віктар Дашкевіч) аддае Сымонку самае дарагое, што набыў за свае жыццё, – скрыпку, а сам памірае. Дзед – сімвалічны носьбіт народнага мастацтва. Сымон, абапіраючыся на яго, павінен ісці далей і дасягнуць новага, больш высокага ўзроўню і ўздымаць да яго людзей. Таленавіты самавук з народа праходзіць пакручасты шлях: жабрацтва, карчма, панскі палац… І ўрэшце выбірае свабоду. Шлях, па якім ідуць адзінкі…
Сцэнаграфію і касцюмы для канцэртнай версіі спектакля зрабіла Святлана Макаранка, музыка кампазітара Сяргея Картэса, над харэаграфіяй працавала Дзіяна Юрчанка.
У другой частцы вечарыны адбыўся майстар-клас па народных танцах. Вясёлыя скокі ў тэатральнай гасцёўні зладзіла студэнцкае этнаграфічнае таварыства Віцебска і Магілёва “Поўнач”. А дапамагаў хлопцам і дзяўчатам у прыгожых нацыянальных строях лепельскі дудар Васіль Шкіндзер. Усе жадаючыя танчылі з такім імпэтам, што дзядзька Колас яўна ўпабаў бы такую вечарыну ў свой гонар. Між іншым, паэму “Сымон-музыка” паэт прысвяціў беларускай моладзі.