Апошні тур усё вырашыць
Тое, што на ЦСК падчас футбольнага матча «Віцебска» з пінскай «Волной» будзе аншлаг, стала зразумела яшчэ калі спрабаваў уціснуцца ў грамадскі транспарт, які быў поўны школьнікаў. Запытаўся ў аднаго хлопца: “Вы куды такім натоўпам?” – “На футбол!”
Адрозненнем ад іншых гульняў стала не толькі прысутнасць на трыбунах школьнікаў, студэнтаў, “бээрээсэмаўцаў”, але і кошт на квіток. Ён, як ні дзіўна, у сённяшніх эканамічных рэаліях патаннеў на дзве тысячы.
Гол Валерыя Ленічка на старце паядынка абяцаў лёгкую расправу гаспадароў над пінчукамі. Урэшце яны і расправіліся, праўда, трыбунам давялося пазлаваццца на судзейскія рашэнні і, канешне, на сваіх футбалістаў. У сярэдзіне першага тайма яны дазволілі гасцям зраўняць лік. І да 75-й хвіліны не змаглі змяніць лічбы на табло.
А потым пайшло-паехала! У варотах “Волны” пабывалі тры безадказных мячы. Спачатку Аляксандр Дзегцяроў дакладным ударам у бліжні вугал выводзіць каманду наперад і вымушае замерзшых гледачоў заварушыцца на сваіх месцах. Праз невялікі адрэзак часу Аляксандр вызначаецца выверанай перадачай на Дзмітрыя Гомзу, які выходзіць на спатканне з варатаром гасцей – 3:1. А пад занавес гульні Дзмітрыю ўдалося аформіць дубль.
У суботу, 17 лістапада, пройдзе заключны тур першай лігі. Магілёўскі “Днепр” ужо ў вышэйшай лізе. А на якім небе “Віцебск”, ці чакаюць яго пераходныя матчы, стане вядома пасля сустрэчы нашых хлопцаў са “Слуцкам” і “Ведрыча-97” з "Гарадзеяй", якая не хоча ўступаць другі радок турнірнай табліцы віцебскаму клубу.