У Віцебску можна пабачыць лялек з розных краін свету
У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі сёння адкрылася выстава «Лялькі польскія. Лялькі свету». Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак. Першая прадстаўляе польскія лялькі ў нацыянальных і гістарычных строях, якія выкананы з захаваннем тканіны, яе ўзору і іншых дэталей аўтэнтычнага адзення. Другая частка паказвае лялек са звыш 20 краін свету. У прыватнасці, мініяцюрныя творы распавядаюць пра культуру, звычаі, рамёствы Індыі, Аўстраліі, Ірака, Іспаніі, Кітая, Румыніі, Грэцыі, Славеніі. Лялькі прадстаўлены як асобнымі фігуркамі, так і парамі ці групамі, якія адлюстроўваюць розныя жанравыя сцэны, напрыклад, вяселле ці народныя танцы.
Арганізатарамі выставы выступаюць Польскі інстытут у Мінску і Фонд «Cepelia» з Варшавы. Як распавяла на адкрыцці куратар выставы Ганна Філіповіч-Мтуз, лялькі з’яўляюцца ўласнасцю вышэйназванага фонда. «У экспазіцыю ўвайшлі працы, якія падарылі ўдзельнікі дзесяці выстаў Міжнароднага біенале рэгіянальных лялек, што прайшлі ў 1974-2000 гадах. Мы шануем сваю культуру і культуру іншых народаў. Таму Фонд «Cepelia» праводзіць падобныя выставы з мэтай папулярызацыі фальклору і рукадзелля Польшчы і іншых краін”, – адзначыла Г.Філіповіч-Мтуз.
Выстава «Лялькі польскія. Лялькі свету» раней экспанавалася ў Гродне і Мінску. У Віцебску яе можна наведаць да 23 лютага, а затым яна будзе прадстаўлена жыхарам Гомеля. Шкада толькі, што лялек у беларускіх нацыянальных строях у калекцыі Фонда «Cepelia» пакуль няма.