Маёнтак Альфрэда Ромэра будзе захаваны
Грамадская рада па ўшанаванні памяці мастака і этнографа Альфрэда Ромэра дамаглася, каб Міністэрства культуры рэспублікі звярнула ўвагу на тое, што былы маёнтак вядомага мастака знаходзіцца ў занядбанні.
Як паведамляе bulletinonline.org, у адказе намесніка міністра культуры Віктара Кураша на зварот старшыні грамадскай рады мастака Алеся Цыркунова напісана, што забяспечыць захаванасць будынка былой сядзібы ў вёсцы Каралінава і адчыніць разліковы рахунак для збору сродкаў на ўшанаванне памяці Альфрэда Ромэра мусіць выканкам Пастаўскага раёну. Дарэчы, закінутая сядзіба, дзе раней была школа, і знаходзіцца на балансе райвыканкаму. Наж сядзібай Ромэра шэфствуе школа з суседняй вескі Камаі, у Камаях і ў Каралінове ёсць вуліцы, названыя імём Альфрэда Ромэра, ягонае імя нададзенае таксама Пастаўскай дзіцячай мастацкай школе. У наступным годзе ў двары школы будзе ўсталяваны помнік Альфрэду Ромэру. Тым часам, як паведамляе bulletinonline.org са спасылкай на мясцовага краязнаўцу Міхася Гіля, грамадскасць двойчы звярталася ў райвыканкам па дазвол на рамонт даху будынка, але атрымлівала адмову. Прымацаваная на будынку шыльда, што гэта помнік гісторыі, знікла праз некалькі дзён…