Праводзіцца праверка, ці быў дагаворным матч “Віцебск” – “Гомель”
Сцвярджаць пра тое, што матч беларускай хакейнай экстралігі паміж камандамі “Віцебск” і “Гомель”, які адбыўся 17 лютага ў Віцебску, быў дагаворным, пакуль нельга, заявілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС Беларусі.
”Зараз праводзіцца праверка, збіраюцца неабходныя матэрыялы”, – адзначылі ва ўпраўленні. Пасля праверкі дзеянням асоб, у адносінах якіх яна праводзіцца, будзе дадзена прававая адзнака, і “калі будзе відавочна крымінальнае дзеянне, то адразу ж будзе ўзбуджана крымінальная справа”, – падкрэслілі ў МУС.
Нагадаем, што міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў даручыў правесці афіцыйную праверку наконт магчымага дагаворнага характару матча паміж камандамі “Віцебск” і “Гомель”. Падазрэнне ў нячэснай гульні гэтых клубаў з’явілася пасля таго, як за некалькі гадзін да пачатку сустрэчы букмекерскія канторы сталі рэзка зніжаць каэфіцыенты ставак на перамогу гамяльчан, а затым і наогул перасталі іх прымаць. Такі крок букмекеры патлумачылі з’явіўшайся ў іх інфармацыяй пра змову.
Паводле БелТА.