У падарунак – 1000 кніг
Шыкоўны падарунак – адразу 1000 асобнікаў кніг – атрымала ад выкладчыкаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта Гарбачэўская сельская бібліятэка ў Расонскім раёне. Калі ўлічыць, што зараз з-за недахопу грошай і ў гарадскіх бібліятэках кніжны фонд не надта багаты, то падобны дар для вясковых аматараў літаратуры асабліва каштоўны.
А ініцыяваў дабрачынную акцыю загадчык кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ Анатоль Дарафееў. Дарыльшчыкі прысвяцілі яе памяці вядомага пісьменніка першай паловы 19-га стагоддзя, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскага. Выбітны творца нарадзіўся ў вёсцы Мурагі на Расоншчыне.