Лагер смерці для дрэў з’явіўся пад Віцебскам
На ўскрайку парка Мазурына пад Віцебскам ёсць пляцоўка, куды высяляюць з горада непажаданыя ўладам дрэвы. Тут яны застаюцца гінуць.
У 2009 годзе, пры знішчэнні сквера на плошчы Перамогі, частку дрэў перасадзілі сюды. Зараз, пастараўшыся, можна знайсці некалькі пнёў ад гэтых дрэў.
Спрабуе выжыць толькі ўпарты бэз. Старыя кусты, праўда, засохлі і зараз нагадваюць афрыканскую расліннасць. Аднак карані пусцілі маладыя парасткі, на некаторых у гэты год ужо былі кветкі.
Зараз сюды на пасяленне адправілі ліпы, што чымсьці не дагадзілі гарадскім уладам. Дзесяць дрэў з абрэзанымі верхавінамі прывезлі і ўкінулі ў ямы. Абсечаныя карані, якія тырчаць з-пад кавалкаў бетону і асфальту, нават закопваць не сталі. На ствалах пашкоджаная кара.
Цікава, што побач з “пасаджанымі” дрэвамі ў густой траве хаваюцца яшчэ шэсць незасыпаных ямін. Магчыма, столькі ліп не ўдалося выкарчаваць больш-менш прыдатнымі для “перасадкі”, або іх яшчэ не прывезлі.
Дарэчы, такім чынам, відаць, няблага эканомяцца грошы тых, каму гэтыя ліпы заміналі. Калі дрэва не спляжанае, а вось так “перасаджана”, то і кампенсацыю за яго плаціць не трэба.
“Народныя навіны Віцебска” будуць удзячныя за інфармацыю пра тое, адкуль гэтыя дрэвы былі выкарчаваныя.