Міліцыя прапанавала апазіцыянеру Б.Хамайдзе…сваю абарону
Арыгінальны паварот мела сённяшняя акцыя па напісанні агульнанацыянальнай дыктоўкі па беларускай мове, якую зранку правёў на сваім традыцыйным месцы – у цэнтры Віцебска, каля так званага “сіняга дома”, мясцовы апазіцыянер і распаўсюджвальнік незалежнай прэсы Барыс Хамайда. Замест затрымання і складання пратаколаў аб правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемтсва супрацоўнікі праваахоўных органаў ветліва прапанавалі апазіцыянеру сваю абарону.
Б.Хамайда пачаў пісаць дытоўку пад магнітафонны запіс у 10 гадзін раніцы. На невялічкім століку побач з ягоным сшыткам знаходзіліся шыльда з надпісам “Першая нацыянальная дыктоўка”, а таксама “Новы запавет”. Праз пяць хвілін да яго падыйшлі міліцыянеры. Пацікавіўшыся, што тут адбываецца, яны адразу адыйшлі. У наступны раз міліцэйская машына пад’ехала хвілін праз 30, калі Хамайда ўжо дапісаў дыктоўку і правяраў яе.
Падпалкоўнік міліцыі пацікавіўся ў Б.Хамайды, колькі часу ён збіраецца яшчэ тут знаходзіцца, а пасля прапанаваў: “Звоните нам, если вас будет кто-то обижать здесь, – мы вас будем защищать”.
“Такія паводзіны міліцыянтаў былі нечаканымі і непрадказальнымі. Вось як час мяняе людзей! Цікава яшчэ, што калі я пацікавіўся ў падпалкоўніка, ці размаўляе ён па-беларуску, ён адказаў станоўча, няхай сабе і па-руску: “Разговариваю”, – пракаментаваў Б.Хамайда такі паварот падзей.
Па словах апазіцыянера, у апошні раз ён пісаў дыктоўку больш за 40 гадоў таму, яшчэ ў школе. “Спачатку было цяжка – перашкаджалі машыны, якіх шмат у цэнтры горада. А пасля прызвачаіўся, напісаў тры з паловай старонкі. Я вельмі задаволены”, – прызнаўся ён журналістам.