Віншуем з 90-годдзем абвяшчэння БНР!

Сёння ўсе свядомыя беларусы святкуюць вялікую нацыянальную падзею – 90-годдзе абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Няхай вас натхняць на далейшае жыццё, добрыя і мужныя справы дзеля Бацькаўшчыны словы нашага знакамітага на ўвесь свет пісьменніка Васіля Быкава, які лічыў, што 90 гадоў таму “у слотны й шэры дзянёк на зачыне вясны беларусы зьдзейснілі цуд. Не, яны не панішчылі ворагаў, ня вызвалілі краіны, не дамагліся свабоды, але яны запалілі кволую сьвечку надзеі”.

“Пры яе сьціплым сьвятле яны, як маглі, змагаліся з бальшавіцкай навалай, з фашыстоўскай акупацыяй, з роспаччу і паняверкай, што за стагодзьдзі ўкараніліся ў гаротным народзе. Мы ўсьцешаныя, што гэтая сьвечачка гарыць і дасюль, і хоць яе зыркі агеньчык слаба сьвеціць, часам капціць і ня грэе, але ён дае спадзеў шмат якім пакаленьням беларусаў на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю – тое, без чаго ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця”.

“Дык няхай яна гарыць, нашая кволая спадзяванка, якую мы песьцім і тулім, ашчаджаем і беражэм, як найлепшыя зь беларусаў яе бераглі да нас з думкай: а раптам яна ўспыхне сонечным зьзяньнем, калі надарыцца спрыяльны для таго час. Бо калі ня будзе таго, хай сабе слабога, агеньчыку, ня ўспыхне нічога. І для нас настане вечная ноч. Але мы ня хочам вечнай ночы, мы – Божае стварэнне, людзі, і мы маем права на Боскую долю. Памажы нам Гасподзь! І – жыве Беларусь!..”, – такі запавет пакінуў нам Васіль Быкаў.

Чытайце яшчэ