Фотафакт: На адным са старых будынкаў у Віцебску ахоўная дошка з памылкай
“Народныя навіны Віцебска” неаднойчы пісалі пра віцебскія шыльды, якія утрымлівалі памылкі. Але, аказваецца, у нашым горадзе з памылкамі могуць быць нават ахоўныя дошкі гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Такая дошка ўсталявана на доме №27/9 па вуліцы Суворава — адным з двух даходных дамоў канца XIX стагоддзя. Гэты дом, разам з домам №29, аднесеныя да 3-й катэгорыі каштоўнасці. На ахоўнай дошцы напісана “БУДЫНАКІ” замест “БУДЫНКІ”.
Паходжанне гэтай памылкі цалкам зразумелае — пры праўцы шаблона на кампутары наборшчык дадаў да слова “БУДЫНАК” літару “І”, а літару “А” сцерці забыўся. Такі макет прынялі ў выраб, вырабілі па ім дошку, замоўца яе, падобна, нягледзячы прыняў і замацаваў на доме.
Згодна пастанове Міністэрства культуры на ўзгадненне з адказнай асобай мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў падаюцца эскізы дошкі. Можна дапусціць, што яны былі без памылкі. Але чаму, выканаўшы інструкцыю, гэтая адказная асоба не знайшла часу глянуць ці ўсталявалі тую дошку і, калі ўсталявалі, то як — гэта пытанне.