У Віцебску падчас жалобнай акцыі затрымалі двух дэмакратычных актывістаў
Сёння раніцай каля “сіняга” дома ў Віцебску падчас жалобнай акцыі, прысвечанай чарговым угодкам Чарнобыльскай трагедыі, супрацоўнікі міліцыі затрымалі двух дэмакратычных актывістаў – беспартыйнага Барыса Хамайду і сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленку.
Б.Хамайда стаяў з бел-чырвона-белым шалікам на шыі і стужкай, на якой было напісана “Чарнобыль – 22 гады”. Пад бел-чырвона-белым парасонам былі раскладзены газеты “Курьер из Витебска” і “Народная воля”, якія ён збіраўся распаўсюджваць. Апазіцыянер планаваў званіць у жалобны звон на знак смутку па ахвярах Чарнобыльскай трагедыі. Але зрабіць гэта яму не далі супрацоўнікі міліцыі на чале з начальнікам аддзела аховы і прафілактыкі Чыгуначнага РАУС Андрэем Шастовым. Б.Хамайдзе загадалі сабраць друкаваную прадукцыю, згарнуць парасон і прайсці ў пастарунак, дзе павінны праверыць выходныя дадзеныя газет.
У той момант, як супрацоўнікі аховы правапарадку забіралі Б.Хамайду, каля “сіняга” дома з’явіўся віцебскі актывіст КХП-БНФ Сяргей Каваленка. Ён трымаў разгорнуты вялікі бел-чырвона-белы сцяг. Двое міліцыянераў адвялі хлопца ўбок і стаялі з ім побач. Каваленка ў гэты час працягваў высока трымаць сцяг – так прайшло 12 хвілін. Затым маладому чалавеку сказалі згарнуць сцяг і пешкам павялі яго ў пастарунак.