Распаўсюд часопіса “Arche” і незалежных газет абразіў дырэктара абласной бібліятэкі?

Міліцыянты вывучаюць парпанаваную Барасыам Хамайдам газету СвабодаСёння каля ўвахода ў беларускі аддзел абласной бібліятэкі мясцовы апазіцыянер Барыс Хамайда прапаноўваў цікаўным незалежныя выданні – часопіс “Arche”, газеты “Беларускія ведамасці” і “Свабода”. У бібліятэцы сёння было людна: тут павінна была адбыцца сустрэча з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, паэтам і празаікам Леанідам Дранько-Майсюком, бардам Эдуардам Акуліным і іншымі літаратарамі. І часопісы з газетамі, якія зараз нельга набыць у кіёсках “Белсаюздруку”, былі дарэчы.


Аднак хутка да Хамайды падыйшоў дырэктар абласной бібліятэкі Аляксандр Сёмкін, які катэгарычна забараніў распаўсюд незалежных выданняў у будынку даверанай яму ўстановы і загадаў яму сыйсці. Калі апазіцыянер не паслухаўся, дырэктар асабіста патэлефанаваў у міліцыю, і паскардзіўся, што Хамайда яго абразіў.

Па выкліку А.Сёмкіна аператыўна прыбылі два супрацоўнікі спецыяльнай роты хуткага рэагавання палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Віцебскага аблвыканкама. (Б. Хамайда ў гэты час ужо выйшаў на ганак бібліятэкі, каб не абвастраць канфлікт з яе супрацоўнікамі, якія былі заклапочаны сустрэчай сталічных літаратараў.) Яны размаўлялі, цалкам мірна, з апазіцыянерам прыкладна чвэрць гадзіны, пакуль прыехалі яшчэ чацвёра прадстаўнікоў Чыгуначнага РАУС на чале з намеснікам начальніка гэтага райаддзела Андрэем Шастовым.

Міліцыянты паспрабавалі знайсці дырэктара бібліятэкі, каб той пацвердзіў, што быў абражаны Хамайдам, але Сёмкін знік і не адказваў па мабільным тэлефоне. Таксама не знайшлося ніводнага сведкі, хто б бачыў, як распаўсюджвальнік браў грошы за прапануемыя газеты і часопісы. Пасля гэтага спадар Шастоў прапанаваў Хамайдзе зараз жа сабраць свае рэчы і адыйсці ад бібліятэкі. Тады, па словах намесніка начальніка РАУС, “пытанне зачыніцца”. Апазіцыянеру нічога не заставалася, як падпарадкавацца.

“Але ж гэта нейкае сапраўднае гета: у бібліятэцы, каля беларускага аддзела, нельга ўжо стаяць з беларускім часопісам, які друкуе лепшыя творы нашай літаратуры”, – сказаў ён, каментуючы інцыдэнт.

Меткі: , , , , ,

Чытайце яшчэ