Полацкі рок-гурт удзельнічаў у «Metal Crowd 2008»
Hard Core Metal гурт «4example» з Полацку ўдзельнічаў у міжнародным фэсце «Metal Crowd 2008», які прайшоў 23-24 жніўня ў Рэчыцы. Гэта найбуйнейшы ў Беларусі міжнародны фестываль экстрэмальнай музыкі, які ў чацвёрты раз сабраў на адной сцэне да 20-ці гуртоў з розных краін: Расіі, Украіны, Азербайджану, Чэхіі і Славакіі.
Дакладную дату ўзнікнення калектыву «4example» не назавуць нават самі яго ўдзельнікі. Проста калісьці вельмі даўно, «когда струны были намного толще, чем пальцы», два сябры Сяргей «Fuzz» Афанасенка і Андрэй «mrmagic» Бортнікаў задумаліся аб стварэнні гурта. Запрасілі да кампаніі аднакласніка на бас і пачалі граць. Прыгледзеўшыся да таго, што атрымалася, Аляксей Корабаў (у будучым мэнэджар і добры сябар гурта) прапанаваў хлопцам выступіць у мясцовым клубе. Тады і з’явілася назва «4example» (да гэтага моманту назвы часта мяняліся). Пасля спрэчак склад гурта змяніўся ў першы раз – роля бас-гітарыста перайшла да Паўла “Paulezisа” Новікава. Было запісана некалькі дэма-трэкаў, якія хутка разыйшліся па сябрах і знаёмых. З гэтага моманту гурт пачаў граць больш цяжкую і тэхнічную музыку. Напачатку 2006 года хлопцаў запрасілі ў Гомель для запісу трэку на складанку «XLAM». Пасля да гурта далучыўся гітарыст Аляксей «Adrenaline» Лукін, выцесніўшы тым самым «mrmagic’а» на вакал. Доўгія пошукі бубнача паспяхова завяршыліся – у гурт быў узяты Раман Пучкоў. У гэтым складзе «4example» заваёўваюць папулярнасць, граюць з такімі гуртамі, як «Stigmata», «Korea», «Ikona», «Rashamba», а таксама ўдзельнічаюць ў адборачным туры Global Battle Of The Bands. У 2007 годзе склад гурта зноў змяніўся – пакінуў гурт другі гітарыст«Аdrenaline», а за бубны сеў Мікалай «N.Key» Кісель.
Вясной гэтага года гурт запісаў і здзейсніў інтэрнэт-рэліз EP «Отражение». У яго ўваходзіць 6 трэкаў, сярод якіх старая песня «Не хочу знать». Праслухаць і спампаваць тэмы гурта можна па адрасе www.lastfm.ru/music/4example.
Зараз хлопцы працуюць над новым матэрыялам, больш складаным і цікавым для запісу поўнавартаснага альбому.