П’еса “Не пакідай мяне” пастаўлена на сцэне Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа
Прэм’ера спектакля “Не пакідай мяне” па п’есе Аляксея Дударава адбылася ў Нацыянальнім акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа напярэдадні свята Перемогі – 7 мая. Паставіў спектакль заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Валерый Анісенка.
Той, хто сочыць за навінкамі тэатра і кіно не мог не заўважыць, што ў аснове сцэнічнага твора - не самы свежы літаратурны матэрыял. Калі казаць дакладна, напісаны больш за 10 год таму. А значыць, п’еса ўжо прайшла апрабацыю сцэнай. Яе прымалі да пастаноўкі знакамітыя тэатральныя калектывы. У “Тэатры на Таганцы” спектакль ідзе больш за год, а сталічны тэатр імя Савецкай арміі ўключыў п’есу ў свой рэпертуар амаль адразу пасля напісання і ўжо сыграў яе больш за паўтары сотні раз.
Разведчык капітан Міхасёў (Яўген Бераснеў) атрымлівае ў сваё распараджэнне спецразведгрупу з чатырох чалавек. І першае знаёмства становіцца для вопытнага ваякі сапраўдным шокам: падрыхтаваць і правесці важную аперацыю ён мусіць з чатырма учарашнімі школьніцамі.
Чым далей ад нас 41-ы год, тым цяжэй пісаць, ставіць і іграць пра вайну. Сённяшнія творцы – і артысты, і драматургі, і рэжысёры – маюць аб ёй іншае уяўленне, чым людзі, што змагаліся з фашыстамі. Таму і сённяшні тэатральна-відовішчны прадукт кардынальна адрозніваецца ад знятага, сыгранага і напісанага, напрыклад, паўстагоддзя таму.
Не выключэнне і прэм’ерны спектакль. Дзяўчаты-разведчыцы (Ірына Цішкевіч, Наталля Саламаха-Конанава, Юлія Цвікі і Юлія Крашэўская) ствараюць яркія таленавітыя вобразы. Але, калі абстрагавацца ад вайсковага антуражу спектакля, у іх хутчэй угадваюцца дзяўчаты нашага часу, а не моладзь 40-х. І гэта становіцца вялікім плюсам для пастаноўкі. Яна не выглядае архаічнай. Больш таго, характары, створаныя па-за часам, адсоўваюць на другі план ваенную тэматыку твора. І ягонай галоўнай тэмай становяцца паводзіны чалавека ў экстрымальнай сітуацыі. Спачатку падалося, што ветэраны вайны могуць не прыняць такой трактоўкі жанчын на вайне. Тым не менш слёзы ў фінале спектакля на вачах сівой бабулі адразу знялі усе пытанні.
Гістрыя разгортваецца дынамічна і глядзіцца вельмі лёгка. Замінае хіба што адно. Падобная сюжэтная лінія настолькі часта скарыстоўвалася пісьменнікамі, што міжволі пачынаеш асацыіраваць сцэнічнае дзеянне з мінулым літаратурным вопытам. Мая памяць паслужліва падсунула “А досвіткі тут ціхія” Барыса Васільева і ледзь не пасля першай сцэны з’явілася ўпэўненасць: Міхасёў палюбіць дзяўчат, як родных, потым яны загінуць. А з ёю прапала інтрыга.
Але асацыяцыі зніклі, не пакінуўшы непрыемнага уражання, калі стала зразумела, што п’еса напісана на аснове рэальных падзей.
Дзве моцныя рэжысёрскія знаходкі вынесены у фінал спектакля. Ідучы на сваё апошняе заданне байцы павінны пераадолець раку. У яе – светлую і бяскрайнюю – упіраецца мост. Па ім яны і ідуць: ці то ў нікуды, ці то наўпрост у неба, здымаючы (для лёгкасці пераправы) свае белыя, як анёльскія, кашулі і застаючыся ні ў чым. А калі на мосце знікае за імі і сам Міхасёў, мост падымаецца і становіцца крыжам, на якім узнікаюць старыя чорна-белыя фотаздымкі, - той момант, калі відэапраэкцыя ў драматычным спектаклі вельмі дарэчы.
“Я хачу, каб ветэраны доўга жылі і былі здаровымі. Але каб яны сталі апошнімі ветэранамі на нашай зямлі”, - сказаў пасля спектакля, падняўшыся на сцэну драматург Аляксей Дудараў. І гэтым зрабіў ўражанне ад пастаноўкі яшчэ больш эмацыянальнымі.
Хочацца спадзявацца, што шчырасць і эмацыянальнасць прэм’ерных паказаў не згубіцца з цягам часу. У такім выпадку спектакль мае ўсе падставы пражыць доўгае жыццё на коласаўскай сцэне і быць цікавым для гледача практычна любога пакалення.