Сайт тэатра Якуба Коласа ўзламалі алжырскія хакеры
Алжырская хакерская суполка “El Moujahidin” зрабіла дэфэйс афіцыйнага сайта Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Мяркуючы па кэшу пошукавай сістэмы Google узлом сайта адбыўся 9 чэрвеня не раней 4:01:14 GMT і не пазней 16:01:57 GMT. Зараз замест інфармацыі пра тэатр наведнікі сайта бачаць надпіс “Hacked by El Moujahidin” , лагатып суполкі і тэкст, які патрабуе паведаміць свайму ўраду пра Палестыну, каб спыніць забойства ЗША іначай узломы сайтаў працягнуцца.
Хакерская суполка “El Moujahidin” стала вядомая пасля кібер-атакі на “Air France” — сайт гэтай кампаніі быў таксама дэфэйснуты 30 сакавіка.
Згодна дадзеных архіва ўзломаў “H@CK M1RROR” сайт коласаўскага тэатра цярпеў ад хакераў і раней: у шэрагу іншых беларускіх сайтаў ён быў дэфэйснуты суполкай Team_CC 27 красавіка.
Найбольш вядомая хакерская атака на віцебскія сайты адбылася ў жніўні 2011 года — тады туніскія хакеры ўзламалі сайт Упраўлення ўнутраных спраў Віцебскай вобласці.