“Падарожныя нататкі. Еўропа”
У Віцебскім абласным краязнаўчым музеі пачаў працу VI Міжнародны тэматычны выставачны праект “Падарожныя нататкі. Еўропа”. Ён адлюстроўвае ўражанні фотамастакоў ад вандравак па розных краінах Еўропы.
У шосты раз Інстытут імя Гётэ ў Мінску разам з партнёрамі – Польскім інстытутам у Мінску, Пасольствам Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, Шведскім інстытутам і Мінскім аддзяленнем Пасольства Швецыі ў Маскве – арганізуе тэматычны выставачны праект. Ён на працягу года аб’ехаў многія гарады Беларусі – яго ўбачылі ў Мінску, Гомелі, Магілёве, Гродне, Баранавічах, Брэсце, Полацку, зараз ён экспануецца ў Віцебску.
Праз аб’ектывы фотакамер 10 мастакоў з Беларусі, Літвы, Польшчы, Швецыі, Германіі паказалі віды гарадоў і вёсак, быт людзей розных еўрапейскіх краін.
Мастакі імкнуліся перадаць у сваіх падарожных нататках ўражанні – жывыя і непасрэдныя – імгненні, якія не забываюцца.
Фатограф Томас Будрыс (Літва) прадставіў свае ўспрыняцце Беларусі: ён захаваў вобразы вяскоўцаў, вёскі і старыя дамы, якія паціху сыходзяць з поля нашага зроку. Томас нарадзіўся ў Паланзе, навучаўся ў Клайпедскай школе мастацтваў, затым скончыў знакамітую мастацкую студыю Савіцкаса. З 2003 года сябра фотаклуба “Паланга 750”, працуе як вольны мастак.
Вельмі прыгожым і велічным бачыць свой родны Вільнюс Кястуціс Стошкус (Літва): у сваіх паэтычных маштабных чорна-белых фотакарцінах мастак нібы гуляе светам і ценямі па дахах касцёлаў, вежах, начных вулачках і дварах Старога горада. Кястуціс Стошкус нарадзіўся ў літоўскай вёсцы, але лічыць сябе віленскім жыхаром. Ён атрымаў адукацыю ў Вільнюсе, зараз працуе фатографам у Нацыянальным музеі Літвы, супрацоўнічае з вядучымі літоўскімі выдавецтвамі, Літоўскім саюзам фотамастакоў. Фотаздымкамі Кястуціса Стошкуса ілюстравана мноства кніг, выставачных каталогаў, часопісаў, календараў. Сам фотамайстра гаворыць, што горад адкрыўся яму толькі тады, калі ён пачаў яго фатаграфаваць.
Беларусь у гэтым праекце прадставілі мастакі Юрый Алісевіч і Аляксандр Вахрамееў.
Графіка Юрыя Алісевіча (выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, выкладчыка кафедры малюнка, жывапісу і скульптуры гэтага ж вуза) адлюстроўвае беларускія мястэчкі, цэрквы, эпоху савецкіх помнікаў.
Аляксандра Вахрамеева (выпускніка Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, мастака-пастаноўшчыка Дзяржаўнага тэатра лялек) называюць вытворцам эмацыйных міфаў. У праекце прадстаўлена яго графічная серыя іранічных прац-міфаў на “гастранамічныя” тэмы, у якіх аўтар выкарыстоўвае тэатралізаванасць, умоўнасць і прыём гратэска – напэўна, такім чынам ён рэагуе на банальнасць штодзённасці.
Нататкі з паездак па ўсходняй мяжы Еўрасаюза прапанаваў на выставе шведскі фатограф Енц Олаф Ластхейн. Яго карціны расказваюць пра будзённае жыццё жыхароў Трансільваніі, Беларусі, Украіны, Малдовы, Расіі, пра якое так рэдка піша прэса. Мастак скончыў Паўночную школу фатаграфіі ў Стакгольме, працаваў фоторэпарцёрам і фатографам у газетах і часопісах.
Сярод удзельнікаў праекта таксама Рышард Збігнеў Карчмарскі, Лукаш Левандоўскі (Польша), Ені Ульрыка Ольсан (Швецыя), Марцін Росваг (Германія).
Ніколі немагчыма аўтару схаваць свае адносіны да адлюстраванай падзеі, таму падарожныя нататкі – гэта інтэрпрэтацыя рэчаіснасці, прапушчанай скрозь іх сумленне, а значыць, суб’ектыўная аўтарская інтэрпрэтацыя – як эмацыйная, так і інфарматыўная.
Выстава працуе на працягу месяца.