У Полацку адкрылася выстава вышыўкі Вольгі Каструк
Адкрыццё персанальнай выставы Вольгі Паўлаўны Каструк «Ад жыцця да легенды» адбылося ў цэнтры нацыянальных культур і рамёстваў Полацка.
Экспазіцыю склалі непаўторныя карціны, вышытыя крыжыкам. Для Вольгі Паўлаўны мастацтва вышыўкі стала неад'емнай часткай жыцця. На адкрыцці выставы ў гонар народнага майстра гучалі словы шчырага захаплення ад супрацоўнікаў Цэнтра нацыянальных культур і рамёстваў, сябровак, аднадумцаў.
Маючы за плячыма вялікі жыццёвы і творчы вопыт, Вольга Паўлаўна застаецца маладою у душы: пазітыўна мысліць, піша вершы, складае аптымістычныя планы на будучыню і проста вышывае. А таксама шчыра верыць у тое, што моладзь прадоўжыць яе творчую справу. Таму ў сваім выступленні звярнулася да маладых: «Не губляйце дарма час, знайдзіце сябе ў творчасці, імкніцеся стварыць прыгожае для сябе і вакол сябе!»
Вышытыя пейзажы, кветкі, букеты, сюжэты з жыцця стварылі цудоўны настрой ва ўсіх прысутных на выставе.