Новыя выданні пра Другую сусветную вайну
У прэзентацыі кнігі “Мяжа ля Заслаўя” прымуць удзел гісторык Ігар Мельнікаў і супрацоўнікі Амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі. Сустрэча пройдзе ў выставачнай зале Цэнтра сучаснага мастацтва на вул. Белабародава 5.
Другая кніга Ігара Мельнікава распавядае чытачу пра гісторыю савецка-польскага памежжа ў міжваенны перыяд. Акрамя гэтага ў тэксце вялікая ўвага надаецца гісторыі Заходняй Беларусі, працэсу стварэння савецкіх абарончых умацаванняў на мяжы з Польшчай пад Мінскам, падзеям уз’яднання заходнебеларускага рэгіёну з БССР у верасні 1939 года, а таксама гераічнай абароне Заслаўя ў чэрвені 1941 года.
Асобная глава кнігі прысвечана аналізу “белых плям” у гісторыі Другой Сусветнай вайны. Нарэшце, апошні раздзел знаёміць чытачоў з малавядомымі старонкамі мінуўшчыны Беларусі і цікавымі фактамі з жыцця людзей на памежжы. Кніга напісана на падставе шматлікіх дакументаў з архіваў Беларусі, Польшчы, Расіі і іншых краін, успамінаў сведкаў эпохі і матэрыялаў з асабістай калекцыі аўтара.
Таксама віцебскай аўдыторыі будзе прадстаўлены №5-2015 часопіса “Архэ”, складзены з артыкулаў беларускіх і польскіх даследчыкаў. Выданне распавядае пра ўдзел польскай арміі і партызан у барацьбе з нацыстамі ў 1939-1945 гг. Вялікая ўвага надаецца “беларускаму аспекту” гэтай гісторыі.
Прэзентацыя новых выданняў пра Другую Сусветную вайну адбудзецца 19 лістапада 2015 года ў 17:00 у Выставачнай зале Цэнтра сучаснага мастацтва (Віцебск, вул. Белабародава, 5). Госцем мерапрыемтва будзе часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі спадар М. Хабрас.