Вёска Сасноўка ў Віцебскім раёне мае намер байкатаваць выбары
Жыхары Сасноўкі, што ў Віцебскім раёне, заявілі: калі ў бліжэйшы час не будзе адрамантавана дарога ў іхняй вёсцы, то на выбарчыя ўчасткі яны не пойдуць.
Такі ўльтыматум прад'явілі вяскоўцы падчас сустрэчы з даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты, які намераны тут вылучацца ў мясцовы Савет. Як піша газета "Віцебскі кур'ер", многія сяльчане пасля такой заявы нават пакінулі зал. І было ад чаго: частка Сасноўкі з-за дрэннай дарогі жыве як у рэзервацыі. Трапіць сюды не можа нават "хуткая".
Адбывалася гэта сустрэча з прадстаўніком кандыдата ў дэпутаты на мінулым тыдні. А ўжо на наступны дзень на дарогу завозілі пясок. Праўда, ён гору не дапамог: ад пясчанай падсыпкі стала гразка - не прайсці не праехаць.
Рамонту патрабуе ўсяго толькі 50 метраў дарогі. Ці здолее раённая ўлада добраўпарадкаваць іх да 14 студзеня? А то ў гісторыю Беларусі можа ўвайсці вёска, якая цалкам падтрымлівае палітыку Зянона Пазняка.