ФК “Віцебск” зноў прайграў – на гэты раз “Гомелю”
Паядынкам "Віцебск" - "Гомель" завяршыўся 21 тур нацыянальнага першынства па футболе. Віцябляне ў чарговы раз не набралі балы.
Падапечныя Сяргея Ясінскага на сваім полі саступілі гасцям 1:2. На 14-й хвіліне гамяльчане ўдала схадзілі у контратаку. Віцебскія гульцы пакінулі без нагляду абаронцу гасцей, і той распячатаў браму гаспадароў.
Неўзабаве абаронца віцяблян Мікалай Золатаў меў выдатны шанец усталяваць парытэт, прабіўшы з убойнай пазіцыі, аднак мяч трапіў у варатара.
Пад канец першага тайму "Віцебск" усё-такі дабіўся поспеху. Мяч у сетцы варот "Гомеля" пабываў пасля ўдара Аляксандра Пруднікава, які дэбюціраваў у гэтым супрацьстаянні за нашу каманду.
Перапынак "Гомелю" пайшоў на карысць. Каманда значна дадала і часцей знаходзілася ля варот "Віцебска". Здабыць тры балы госці змаглі дзякуючы намаганням Івана Жэсткіна.