Наш адказ хот-догу: сасіска ў бульбе
Адмыслоўцы віцебскага адкрытага акцыянернага таварыства “Вітміл” распрацавалі новую нацыянальную страву — сасіску ў бульбе, якая мусіць стаць асіметрычным адказам амерыканскаму хот-догу.
Не зразумела, праўда, чым матываваліся вынаходнікі кулінарнай навінкі, бо ўвесь сэнс хот-дога ў тым, што булачка, у якую загорнутая сасіска, дазваляе есці страву без сталовых прыбораў і посуду. Гарачую ж бульбіну, мне здаецца, не дужа прыемна трымаць у руках.
Новая страва з’явіцца ў рэчышчы новаўвядзення ААТ “Вітміл”: гэтае прадпрыемства грамадскага харчавання аб’явіла сераду днём беларускай нацыянальнай кухні. Акрамя бульба-хот-дога ў гэты дзень можна пачаставацца і больш традыцыйнымі стравамі — мачанкай і дранікамі з журавінавым морсам. Праўда ў меню “беларускай нацыянальнай кухні” нейкім чынам трапіла і блюда з амаль невымоўнай для беларускага языка — “щи”...
ААТ “Вітміл” належыць каля 10% кропак грамадскага харчавання ў Віцебску, у тым ліку рэстаран кітайскай кухні “Залаты дракон”.