Да юбілею Паставаў мясцовая майстрыца вышыла палатно з гербамі 11 ягоных гарадоў-пабрацімаў
Жыхарка вёскі Навасёлкі-1 Пастаўскага раёна, сябра Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, супрацоўніца пастаўскага Дома рамёстваў “Стары млын” Лілія Зарэцкая да 600-годдзя Паставаў, якое будзе ўрачыста святкавацца 3-5 ліпеня, вышыла палатно з гербамі ягоных гарадоў-пабрацімаў.
У беларускага райцэнтра іх 11 – гэта расійскія Пушкіна і Курск, літоўскія Купішкіс, Шырвінтас, Рокішкіс і Швянчоніс, латвійскі Рэзекне, польскія Семятычэ і Вейхерава, італьянскі Сант-Арэстэ, эстонскі Йыхві. У цэнтры кампазіцыі – герб саміх Паставаў – на блакітным фоне рыбацкая сетка і тры рыбкі.
Сімвалы вышытыя на саматканым кужалі, а назвы гарадоў падпісаны па-беларуску і ўпрыгожаны букетамі кветак. У дадатак на палатне размешчаны надпісы: “Гербы гарадоў-пабрацімаў нашых Паставаў”, “Сувязі, сяброўства, супрацоўніцтва, узаемадапамога, кантакты – назаўсёды”, “Квітнець гарадам навекі!”.
У калекцыі вышывальшчыцы ёсць і іншыя унікальныя працы. Гэта карта Пастаўскага раёна памерам 170х110 см, на якой больш за 200 вёсак, рэкі, азёры, дарогі, лясы, цэрквы, касцёлы, аграэкатурыстычны комплекс “Салаўіны гай” і іншыя мясцовыя адметнасці.
Лілія Зарэцкая таксама вышыла кампазіцыю «Слова беларускае – вечнае», на якой знаходзяцца 34 назвы кніг вядомых літаратараў, і «Дрэва жыцця» – гнеалагічнае дрэва ўласнага роду. Тут адлюстравана гісторыя сям’і Л.Зарэцкай з 1830 года, а гэта 90 чалавек, 16 прозвішчаў, 6 пакаленняў.
Гэтыя і іншыя працы пастаўскай майстрыцы – дываны, карціны, абразы, падушкі на канапу, будуць прадстаўлены на выставе, якая пройдзе падчас святкавання 600-годдзя Паставаў. Раней экспазіцыі майстрыцы праходзілі на «Славянскім базары ў Віцебску», на «Дажынках» у Оршы, Дні беларускага пісьменства ў Барысаве.