Беларускія мішкі зняліся ў нямецкім фільме
У ландшафтным заказніку “Чырвоны Бор” на Расоншчыне праходзілі здымкі дакументальнага відэафільма, якія праводзіла нямецкая тэлекампанія “Blue paw artists”. А галоўныя ролі ў ім сыгралі два мядзведзя – Паша і Маша, якіх узялі з заапарку. Фільм мае працоўную назву “Мядзведзі адны дома” і дзве версіі. Адну з іх плануюць паказаць на І Германскім канале, а другую – на “National geographic”, хутчэй за ўсё, у студзені.
Зараз мішкам споўнілася ўжо па два гады. Фільм здымалі паўтара года, і напачатку сваёй акцёрскай “кар’еры” Паша і Маша былі яшчэ маленькімі мядзведзяняткамі. Праца над стужкай скончана, і іх вярнулі назад у заапарк. Напэўна, там яны будуць доўга яшчэ ўзгадваць, як ігралі ролю сіротак, якія вучацца жыць сярод дзікай прыроды без сваёй матулі, як плавалі ў рацэ, знаёміліся з ваўкамі і іншымі жыхарамі заказніка, ласаваліся мёдам з вулею... Хіба ж можна параўнаць жыццё ў заапарку з такімі цудоўнымі прыгодамі на волі?!
Нямецкая тэлекампанія “Blue paw artists” – адна з вядучых у свеце па вытворчасці фільмаў пра жывёл для буйных тэлеканалаў. Сёлета здымачная група працягне працу ў заказніку “Чырвоны Бор”. На гэты раз аператары збіраюцца шукаць матэрыял для фільма пра арлана-белахвоста.