Затрыманых 8 снежня ў Віцебску святароў вызвалілі, а справу накіравалі на дапрацоўку
Суд Першамайскага раёна 9 снежня разбіраў справу затрыманых напярэдадні ксяндза Віктара Жука, грэка-каталіцкага святара Аляксея Варанко і іх сябра Аляксея Каракова.
Як паведамляе "Радыё Рацыя", усіх траіх міліцыянты затрымалі ўчора непадалёк ад гандлёвага цэнтра „GREEN” і склалі пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне.
На судзе, які праз скайп вёў суддзя Міхаіл Юрчанка, усе трое тлумачылі, што не ладзілі пікет, а маліліся за жыхароў Беларусі. Пры гэтым Аляксей Варанко трымаў бел-чырвона-белы сцяг.
Суд пастанавіў, што ў дакументах справы недастаткова звестак, каб прыняць рашэнне. Таму яе накіравалі на дапрацоўку ў Першамайскі РАУС. У ізалятары часовага ўтрымання сваякам затрыманых паведамілі, што яны вольныя.
Дата працягу судовага працэсу пакуль невядомая.