З Днём ведаў!
Сёння адзначаецца Дзень ведаў. З чым мы сардэчна віншуем ўсіх вучняў, студэнтаў, а таксама іх бацькоў! Жадаем вам паспяхова грызці навуку, але так, каб не папсаваць зубы. Гэта значыць, не зубрыць.
На Віцебшчыне школьны званок прагучаў для звыш 150 тысяч вучняў. З іх першы раз у першы клас прыйшлі больш за 11 тысяч хлопчыкаў і дзяўчатак. У вобласці налічваецца 676 навучальных устаноў, у тым ліку 16 гімназій і 4 ліцэі. У самім жа Віцебску за парты сёння селі амаль 40 тысяч школьнікаў, у тым ліку 2 тысячы 900 першаклашак. Сеяць “разумнае, добрае, вечнае” у нашым горадзе будуць 4 тысячы настаўнікаў. Беражыце іх, калі ласка!
Сёлета ўрачыста адкрыліся новая школа ў мікрараёне «Аэрапорт» у Полацку (васемнаццатая па ліку у гэтым горадзе), а таксама корпус для пачатковых класаў у СШ №45 у Віцебску. Можна парадвацца і за Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветырынарнай медыцыны: тут адкрыўся новы вучэбна-лабараторны корпус, дзе размясціліся ўсе асноўныя кафедры навучальнай установы.
Перад пачаткам навучальнага года бацькам давялося нямала пабегаць і патраціцца, каб справіць усе школьныя абноўкі. У сярэднім камплект для вучня малодшага школьнага ўзросту каштаваў ад 200 да 400 тысяч рублёй. Старшакласнік “цягнуў” крыху болей – ад 250 да 500 тысяч рублёй.
Па традыцыі ў верасні студэнтаў чакае так званая “бульба”. 5 650 навучэнцаў ВНУ, сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных устаноў будуць дапамагаць гаспадаркам вобласці збіраць ураджай. Дапамогу запрасілі ўсе раёны, акрамя Докшыцкага, Міёрскага, Расонскага і Шаркаўшчынскага, дзе, відаць, абыйдуцца сваімі сіламі. Згодна з рашэннем Віцебскага аблвыканкама, студэнты пачнуць працаваць у гаспадарках з 11 верасня, цягнуцца ж сельская рамантыка будзе не больш месяца. Ужо створаны абласны штаб па арганізацыі студэнцкай работы, стварэнні прыдатных жыллёва-бытавых умоў і харчавання, які ўзначальвае намеснік старшыні аблвыканкама Пётр Южык.
Летні амфітэатр, дзякаваць Богу, не змыла, і ў верасні тут запланавана разнастайная канцэртная праграма. На галоўнай сцэнічнай пляцоўцы Віцебска пройдуць забаўляльныя шоу для школьнікаў, пасвячэнне першакурснікаў у студэнты, абласное свята дзіцячай творчасці, канцэрт удзельнікаў праекта “Фабрыка зорак – 6”.
1 верасня ў амфітэатры адбудуцца два канцэрты для вучняў малодшых і сярэдніх класаў. Перад пачаткам школьных выпрабаванняў вясёлы настрой ім падораць вакальныя і харэаграфічныя калектывы Віцебска.