11 кастрычніка да бестэрміновай галадоўкі ў абарону мінскай царквы “Новае жыццё” Аб’яднання суполак хрысціянаў поўнага Евангелля ў Беларусі далучыліся вернікі з Віцебска і Воршы. З 212 галадоўнікаў па стане на сённяшнюю раніцу 36 чалавек увесь час знаходзіліся ў храме суполкі, што месціцца ў мікрараёне Сухарава ў Мінску. 136 чалавек праводзяць галадоўку, час ад часу наведваючы царкву. Акрамя таго, 40 чалавек удзельнічаюць у акцыі пратэсту ў 14 гарадах Беларусі: у Беразіно, Барысаве, Дзяржынску, Жодзіне, Мар’інай Горцы, Стаўбцах, Мозыры, Гомелі і інш. Сёння да галадоўкі далучыўся нават адзін вернік з Кіева. Удзельнікі акцыі адмовіліся ад ежы і п’юць толькі ваду. Раніцай 11 кастрычніка іх наведалі супрацоўнікі амбасады ЗША, якія выказалі жаданне аказваць галадоўнікам інфармацыйную падтрымку. Медыкі сёння адмовіліся ад рэгулярнага нагляду за імі.
Нагадаем, што галадоўка пачалася 5 кастрычніка пад лозунгамі адмены рашэння Мінгарвыканкама аб пазбаўленні царквы зямлі і будынку, а таксама надання культавага стутусу будынку царквы, у якім раней знаходзіўся кароўнік, набыты суполкай у калгаса імя Калініна.