У Оршы на “Дзяды” прайшла жалобная імпрэза
У Оршы ў дзень памяці продкаў – “Дзяды” – сябры КХП БНФ, мясцовыя актывісты і вернікі розных канфесій сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара на жалобную імпрэзу.
Напачатку прысутныя прыбралі месцы масавых пахаванняў. Пазней адбылася паніхіда па загубленых ахвярах, якую адслужыў уніяцкі святар айцец Зміцер (Грышан), які адмыслова дзеля гэтага прыехаў з Віцебску.
У 30-я гады мінулага стагоддзя на Кабыляцкай гары былі расстраляныя некалькі соцень мірных жыхароў. Дакладная колькасць пахаваных тут ахвяраў сталінізму невядома. Дзеля ўшанавання іхняй памяці ў 1992 годзе на гары ўсталявалі вялікі помнік-камень. Да яго штогод на “Дзяды” людзі ўскладаюць кветкі ды запальваюць свечкі. Сёлета сябры КХП БНФ таксама прынеслі сюды вянок з жалобнай стужкай, паведамляе “Радыё Свабода”.