У Наваполацку адкрылася выстаўка габэлену і жывапісу Таццяны Козік
21 сьнежня ў наваполацкай гарадзкой выставачнай зале адбылася прэзэнтацыя выставы габэлену і жывапісу полацкай мастачкі Тацяны Козік „Роздум каля вялікай вады”. Выставу культаработнікі Нафтаграду адмыслова падрыхтавлі да калядных сьвятаў.
Козік скончыла мастацкае аддзяленьне Віцебскага тэхналягічнага інстытуту і па разьмеркаваньні трапіла ў наваполацкі філіял Віцебскага мастацкага камбінату — упершыню ў гісторыі свайго ВНУ, бо ў падобныя мастакоўскія структуры накіроўвалі звычайна выпускнікоў мастацкай акадэміі. Філіял праіснаваў нядоўга, але Козік пасьпела пакінуць Нафтаграду некалькі сваіх твораў, напрыклад, вялікі габэлен „Крылы пертворацца ў карэньні”, які да сёньня ўпрыгожвае офіс наваполацкага аддзяленьня «Белпрамбудбанку».
Пасьля развалу рэгіянальных структураў мастацкага камбінату Козік становіцца вольнай мастачкай: набывае прыватны дом пад майстэрню ў Полацку ля Сафійскага сабору ды працуе. Тчэ габэлены, піша алеем карціны, малюе на тканіне батыкі. Ейныя працы набываюць ня толькі шараговыя аматары выяўленчага мастацтва, але і музэі. Днямі выйшаў шыкоўны альбом з выявамі лепшых твораў з калекцыі Полацкага мастацкага музэю, у ім ёсьць і ілюстрацыя габэлену Козік.
Мастачка неаднойчы рабіла вялікія ўласныя вэрнісажы, але гэты, бадай, найбольш удалы. Упершыню Козік так шырока паказала свой жывапіс.
У прэзэнтацыі выставы ўзяў удзел ансамбаль народнай песьні наваполацкай музычнай вучэльні „Вербніца”, пад кіраўніцтвам Нэлі Бароўскай. Калектыў іграў народную музыку і выконваў калядныя песьні. Козік упершыню выступіла і як мадэльер — на прэзэнтацыі дэманстравалася яе калекцыя адзеньня зь ільну, у ейных касьцюмах выступіў увесь калектыў „Вербніцы”, 14 чалавек.
Выстава будзе доўжыцца каля месца, хто ня здолеў патрапіць на прэзэнтацыю, мае магчымасьць пабачыць вэрнісаж Козік у перадкалядныя і пасьлякалядныя дні.
Крыніца: “Радыё Рацыя”.