Лебедзь Гоша – славутасць Талачына

Кiмсьцi накшталт “сына палка” стаў лебедзь па мянушцы Гоша для калектыву Талачынскага крухмальнага завода, якi месцiцца на беразе рэчкi Друць, дзе ўжо трэцюю зiму жыве беласнежны i чырвонадзюбы прыгажун-лебедзь, якi аднойчы не здолеў адляцець у вырай да надыходу маразоў.

Калi паверхня Друцi не пакрытая лёдам, Гоша павольна, з гордым выглядам плавае па вадзе, ахвотна прымаючы пачастункi ад рабочых прадпрыемства i мясцовай дзятвы. А калi крыху бярэцца мароз, лебедзь спяшаецца ў свой утульны, зацiшны дамок, адмыслова зроблены для яго на заводзе. А калi ўжо так пахаладае, што Друць пакрыецца лядком, на дапамогу птушцы прыходзяць людзi. Аднойчы, заўважыўшы, што крылы Гошы пачалi прыстываць да лёду, рэдактар Талачынскай раённай газеты Мiкола Мацiеўскi выклiкаў нарад ратавальнiкаў мясцовай службы па надзвычайных сiтуацыях. Праз лiчаныя хвiлiны прыехалi дужыя хлопцы, выцягнулi Гошу з рэчкi i адвезлi ў ягоны дамок на крухмальным заводзе. Трэба было бачыць, як удзячна паглядаў лебедзь на ратавальнiкаў, як радасна махаў крыламi, калi ўбачыў сваё жытло!

Можна не хвалявацца за лёс прытуленага ў Талачыне лебедзя Гошы. Правiянтам, ва ўсялякiм выпадку, ён будзе забяспечаны. Бо ў ежы Гоша не пераборлiвы, а талачынцы — людзi не скупыя.

Крыніца: “Народная воля”.

Меткі: ,

Чытайце яшчэ