Народные новости Витебска

А.Пушкіну, які выкінуў чырвона-зялёны сцяг з вакна Аршанскага РАУС, не могуць знайсці абвінавачванне

У Оршы працягваецца распачаты учора суд над вядомым беларускім мастаком Алесем Пушкіным і моладзевым актывістам з Мінску Аляксеем Янушэўскім, якіх спачатку абвінавачвалі ў абразе нацыянальнай сівмволікі. Затым сталі абвінавачваць у крадзяжы дзяржаўнага сцяга з Аршанскага РАУСа. Нагадаем: нехта з затрыманых падчас фэсту на Крапівенскім полі выкінуў з вакна пастарунку сцяг, які стаяў у так званым «чырвоным кутку». Урэшце ў гэтым прызнаўся А.Пушкін. Ён абвесціў галадоўку пратэсту, патьрабуючы адваката, а таксама весці судовае паседжанне па-беларуску. Свой учынак ён патлумачыў на судзе тым, што прыехаў на «культурніцкае мерапрыемства, а яму міліцыянты ўчынілі нейкі спектакль з размініраваннем снарадаў».
Сёння ў судзе быў абвешчаны перапынак: Пушкіну і Янушэўскаму шукаюць новае абвінавачанне. Суддзя заявіла, што правапарушэнне, за якое іх трэба судзіць, не адпавядае юрыдычнай фармулёўцы «дробны крадзёж». Паводле якога артыкулу будуць далей судзіць затрыманых, пакуль невядома. Дзве ночы мастак і мінскі актывіст ужо правялі ў ізалятары часовага ўтрымання. Суд павінен скончыцца сёння, бо заканадаўства дазваляе трымаць падазраваных пад вартай не больш за трое сутак.
Паводле Радыё Свабода.