Народные новости Витебска

Беларускамоўная школа ў Глыбокім пяройдзе на дзвюхмоўнае выкладанне

Глыбоцкая СШ №3 – дагэтуль адзіная цалкам беларускамоўная школа ў райцэнтры – пяройдзе на дзвюхмоўнае выкладанне. Рашэнне, што зараз дзеці будуць вывучаць прадметы не толькі на нацыянальнай, але і на рускай мовах, было прынята ўчора, 25 верасня, на канферэнцыі, адмыслова прысвечанай гэтаму пытанню. На ёй прысутнічалі настаўнікі, бацькі і вучні. У выніку ў статут школы былі ўнесены змены, згодна з якімі тут створаць класы з рускай мовай навучання. Два такіх класы ў СШ №3 ужо з’явіліся сёлета 1 верасня – яшчэ да грамадскага абмеркавання гэтага пытання.

Як паведамляе “Радыё Свабода”, ад бацькоў на канферэнцыі прысутнічалі 123 дэлегаты. З іх 28 чалавек выказаліся супраць зменаў у статуце і захаванне беларускамоўнай школы, 18 чалавек устрымаліся. Пры гэтым  61 дэлегат выказаўся за стварэнне класаў з рускай мовай навучання. Яшчэ 16 галасоў падліковая камісія чамусьці не далічыла. Было вырашана, што змены ў статуце падтрымала большасць дэлегатаў.
За правядзеннем канферэнцыі назіраў прадстаўнік упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Васіль Горбыль. А вось карэспандэнта незалежнай газеты "Вольнае Глыбокае" на канферэнцыю не пусцілі.