У кнігарнях з’явіўся каляндар “Родны край” на 2009 год
Пасля двухгадовага перапынку ў віцебскіх кніжных крамах ізноў пачаў прадавацца адзіны ў краіне адрыўны каляндар на беларускай мове.
У 2007 годзе дырэктар дзяржаўнага выдавецтва "Беларусь", былы кіраўнік інфармацыйнага агенцтва "БелТА" Якаў Аляксейчык перапыніў выпуск адрыўнога календара "Родны край". Прычына – нерэнтабельнасць, бо па словах таго ж Аляксейчыка з сямітысячнага накладу летась не прадалося 1500 асобнікаў. Калі ўлічыць бяздарную дыстрыбуцыю (каляндар не даходзіў да раённых і вясковых крамаў), слабую паліграфію, адсутнасць якогась рэкламавання, то 20% на складзе для падобнага выдання – яшчэ неблагі вынік. Тым больш што ў асобных сталічных кнігарнях вылучаны наклад разлятаўся імгненна.
Сёлета айчыннае Міністэрства інфармацыі ўсё ж адгукнулася на шматлікія звароты ГА "Таварыства беларускай мовы" і персанальна яе кіраўніка Алега Трусава з патрабаваннем аднавіць выпуск "Роднага краю". Каляндар друкаваны за дзяржаўны кошт, і Міністэрства абяцала невысокія цэны ў дробным гандлі. Так яно і выйшла: стосы "Роднага краю" на 2009 год ужо ляжаць у кнігарні "Глобус" на вул. Леніна, 30 па 2230 рублёў за асобнік.
У які дзень Менск атрымаў Магдэбургскае права? Што лепей вырошчваць на сырых глебах пасля бульбы? Як пашыць араматызаваную падушку? Якое малако больш карыснае? Адказы на гэтыя іншыя пытанні, а таксама прымаўкі, рэцэпты страваў, цікавыя гістарычныя факты, біяграфіі беларускіх славутасцяў, парады садаводам шукайце пад вокладкай новага календара.