Алесь Пашкевіч і Барыс Пятровіч у “Еўрапейскім клубе”
Як ужо паведамлялі ННВ, 14 траўня Віцебск наведалі ўдава Васіля Быкава Ірына Міхайлаўна, а таксама вядомыя беларускія пісьменнікі Алесь Пашкевіч, Барыс Пятровіч і бард Кастусь Герашчанка. Увечары госці сустрэліся з віцебскімі чытачамі і літаратарамі ў “Еўрапейскім клубе”.
Старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч распавёў крыху пра сітуацыю, што склалася вакол СБП, адзначыўшы, што “яму вельмі проста выступаць у самім Віцебску і наогул на Віцебшчыне – радзіме Васіля Быкава”. Пісьменнік адзначыў, што віцебскія абласныя арганізацыі Саюзу беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы (менавіта абласная суполка ТБМ спрычынілася да арганізацыі гэтай сустрэчы – заўв. К.П.) з’яўляюцца самымі дзейснымі і актыўнымі, калі параўноўваць з іншымі рэгіянальнымі культурніцкімі аб’яднаннямі Беларусі.
Разважаючы пра сучасны стан беларускай літаратуры, старшыня СБП сказаў наступнае: “Літаратура становіца рэччу ўдухоўленай і элітарнай. Самае галоўнае, каб яна заставалася літаратурай, каб яна не прыпадабнялася тым песням, якія вы чуеце на Дажынках, каб яна не стала абслугай, каб заставалася слугой, але слугой сваёй нацыі. Калі ты паэт – дык слугой прыгожых дзяўчат, калі празаік... – таксама для дзяўчат...”
Галоўны рэдактар часопісу “Дзеяслоў” Барыс Пятровіч выказаў падзяку ўсёй Прыдзвінскай зямлі і яе людзям за шанаванне памяці аб класіку. Ён адзначыў, што найбольш памяць пра Быкава шануюць на Віцебшчыне і Гарадзеншчыне: “Гэта два крылы Беларусі, а ў цэнтры, тулаве, галаве, на жаль, на сёння няма ні музея Быкава, ні вуліцы імя Быкава...”
Барыс Пятровіч распавёў пра апошні 39-ы нумар “Дзеяслова”, падзяліўся планамі яго развіцця, нагадаўшы, што ўжо пачынаючы з №5 часопіс амаль штонумар “друкуе нешта новае, невядомае з быкаўскай спадчыны, тое, што перадае ў часопіс Ірына Міхайлаўна”. Па словах галоўрэда “Дзеяслова”, “Ірына міхайлаўна робіць зараз працу цэлага акадэмічнага інстытуту...”
Пісьменнікі зладзілі ў “Еўрапейскім клубе” літартурныя чытанні. Алесь Пашкевіч прачытаў урывак са сваёй кнігі – рамана-біяграфіі “Круг”, прысвечанай нашаму земляку паэту Уладзіміру Дубоўку. Барыс Пятровіч – некалькі “фрашак” са зборніку “Жыць не страшна”, за які ён сёлета быў уганараваны літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес” (за 2008 год). Выступы майстроў слова арганічна перапляталіся падчас імпрэзы з музычнымі нумарамі пад гітару барда Кастуся Герашчанкі. Пісьменнікі адказвалі таксама на пытанні прысутных.
Старшыня абласной арганізацыі СБП Франц Сіўко, дзякуючы гасцям за цёплую сустрэчу, дадаў крыху мінору: “Такому абласному цэнтру, як наш, шаноўную Ірыну Міхайлаўну з вядомымі пісьменнікамі на ўскрайку горада сустракаць сорамна. І хоць нас тут заўжды цёпла сустракаюць... гэта павінна быць іншая зала, як мінімум – зала філармоніі. І быў бы аншлаг!..”
Ірына Міхайлаўна Быкава выходзіла з “Еўрапейскага клубу”, што на вуліцы Сененскай (Алесю Пашкевічу пачулася – “Ясенінская”), з белымі лілеямі у руках...