13 жніўня ў Віцебску ў “Еўрапейскім клубе” адбудзецца сустрэча з вядомым беларускім мастаком Алесем Пушкіным.
На працу ў Віцебск Алесь Пушкін быў накіраваны ў 1990 годзе па сканчэнні Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. А ўжо 25 сакавіка 1991 года ў нашым горадзе прайшла першая персанальная выстава мастака.
23 сакавіка 1993 адкрата першая прыватная Галерэя сучаснага мастацтва ў Віцебску “У Пушкіна”. Пасля закрыцця галерэі ў 1997 выехаў разам з карцінамі і зборам галерэі на радзіму, у мястэчка Бобр. Перад выездам ў цэнтры эстэтычнага выхавання “Маладзік” прайшла яшчэ адна персанальная выстава Пушкіна “Біяграфія”.
У Віцебску Алесь Пушкін цесна супрацоўнічаў з драматычным тэатрам. У 1993 годзе ён афармляе сцэнаграфію і касцюмы VII міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі “IFMC-93”, у 1994 годзе — сцэнаграфію, касьцюмы, паліграфію да сьпектакля У. Шэкспіра “Кароль Лір”, у 1997 годзе – сцэнаграфію, касьцюмы, паліграфію да сьпектакля А. Стрындберга “Фрэкен Юлія”, у 1999 годзе — паліграфія да сьпектакля Э. Іанэску “Крэслы”, у 2001 годзе – афармляе спектакль “Палкоўніку ніхто не піша” Г. Г. Маркеса.
Алесь Пушкін вядомы не толькі сваімі мастацкімі творамі, але і акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй, якую неаднаразова выказваў праз перформансы, самы вядомы з якіх, напэўна — вывальванне тачкі з гноем перад прэзідэнцкім палацам у 1999 годзе.
Сустрэча з мастаком і прэзентацыя фільма “Беларускі вальс” адбудзецца 13 жніўня 2009 года у Віцебску, па адрасе: вул. 1-я Сенненская, д. 5 (раён “Лучоса”) у “Еўрапейскім клубе”. Пачатак – 18.30.