Віцебскі Музей Марка Шагала выпусціў паштоўкі з афортамі Майстра
Прэзентацыя сувенірнага набора з 96 паштовак з рэпрадукцыямі афортаў Марка Шагала да паэмы Мікалая Гогаля "Мёртвыя душы" і адпаведнымі сюжэтам цытатамі на рускай і англійскай мовах на адваротным баку ілюстрацый адбылася ў віцебскім Музеі Марка Шагала. Паштоўкі змешчаныя ў скрыню, аформленую мінскім мастаком Валерыем Лявуніным у выглядзе кнігі. Крыху раней падобная прэзентацыя прайшла і ў Мінску.
Серыя з 96 афортаў была створана М.Шагалам у 1920-я гады ў Парыжы. Аднак кніга Гогаля на французскай мове з ілюстрацыямі Шагала была выдадзена ў французскай сталіцы толькі ў 1948 годзе, і ў гэтым жа годзе была адзначана прызам на Венецыянскім біенале графікі. У 1999 годзе афорты трапілі ў Музей Марка Шагала ў Віцебску як падарунак унучак мастака Мерэт Меер-Грабер і Бэлы Меер.
Выданнем паштовак займалася Мінская друкарская фабрыка Дзяржзнака сумесна з Музеем Марка Шагала ў Віцебску. Афорты выдадзеныя накладам у 5 тысяч асобнікаў. Сёння поўны камплект афортаў Шагала – эксклюзіўны матэрыял для музейных і прыватных калекцый. На постсавецкай прасторы ён ёсць толькі ў калекцыях трох музеяў – Дзяржаўнай Трацякоўскай галерэі ў Маскве, Дзяржаўнага Эрмітажа ў Санкт-Пецярбурзе (куды афорты былі перададзены як дарунак самім мастаком) і Музеі Марка Шагала ў Віцебску.
Адметна, што гэты выдавецкі праект быў здзейснены сёлета, якраз тады, калі адначаецца 200-годдзе з дня нараджэння Мікалая Гогаля.