Шматдзетная маці памерла пасля ўзгадвання яе ў “раёнцы”
У вёсцы Звянячы Талачынскага раёну ад разрыву аорты памерла 40-гадовая жанчына — маці траіх дзяцей-інвалідаў. Прычынай сардэчнага прыступу, як паведаміў “Народным навінам Віцебска” мясцовы актывіст Мікалай Петрушэнка, магла стаць публікацыя ў раённай газеце “Наша Талачыншчына”, пра тое, што жанчына злоўжывае алкаголем.
Трагічна загінуўшая жанчына насамрэч алкагалізмам не хварэла і раней на сэрца не скардзілася. Інспекцыя па справах непоўнагадовых у яе дом завітала, бо сям’я ў якой гадуюцца трое дзяцей-інвалідаў жыве небагата — памерлая працавала ў СВК “Звянячы”, а яе муж на чыгунцы.
Мікалай Петрушэнка — актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” — сустрэўся з удзельнікам рэйду інспектарам па справах непоўнагадовых старэйшым лейтэнантам Русланам Шэстаковым. Супрацоўнік міліцыі паведаміў, акт абследавання сем’яў складалі супрацоўнікі райвыканкама, якія ўзначальвалі рэйд, а ён толькі падаў рапарт пра наведванне гэтай сям’і. Адкуль рэдакцыя “Нашай Талачыншчына” ўзяла інфармацыю пра злоўжыванне алкаголем жанчыны якая загінула, пакуль невядома.
Аднавяскоўцы памерлай шакаваныя трагедыяй, якая адбылася ў Звянячах. Нічога не ведала пра рэйд і старэйшына вёскі Валянціна Юшкевіч, якая жыве па суседству з гэтай сям’ёй.
Са слоў Мікалая Петрушэнка “раёнка” не прызнае сваёй віны ў тым, што трое дзяцей засталіся без маці. Рэдактар “Нашай Талачыншчыны” вінаваціць інспекцыю па справах непоўнагадовых — быццам тая перадала ў рэдакцыю недакладныя звесткі. У той жа час РАУС збіраецца надрукаваць у газеце абвяржэнне раней апублікаванай інфармацыі.
Пахаванне і памінкі сваёй супрацоўніцы СВК “Звянячы” арганізаваў на належным узроўні, што яшчэ раз пацвярджае яе добрасумленнасць, як працаўніцы.