У сваім юбілейным сезоне “Лялька” прадставіць тры прэм’еры
У сваім юбілейным, 25-м, сезоне Беларускі тэатр “Лялька” прадставіць тры прэм’еры. Адзін з новых спектакляў – “Дэкамерон” па вядомым аднайменным творы Джавані Бакача ў пастаноўцы а – шырокі глядач можа ўбачыць ужо 3 кастрычніка, у дзень урачыстага адкрыцця сезону. Нагадаем, што ўпершыню гэта праца віцебскіх лялечнікаў, разлічаная на дарослых гледачоў, была прадстаўлена крыху раней – у ліпені.
Наступныя дзве прэм’еры запланаваны на 2011 год. У лютым гледачы змогуць пазнаёміцца з героямі казкі «Прынцэса і Свінапас» па Г.-Х.Андэрсэну ў пастаноўцы В.Клімчука. А ў ліпені сцэна “Лялькі” стане пляцоўкай для дыпломнага спектаклю пад працоўнай назвай выпускніцы Беларускай акадэміі музыкі Ірыны Багданавай.
Гаворачы пра выбар казкі “Прынцэса і Свінапас” для новай пастаноўкі, Віктар Клімчук адзначыў: “Гэта вельмі складаны твор. Я ўвогуле не веру, што Андэрсэн – гэта проста. Гэты твор стаў мне цікавым, бо сёння ўпала духоўнасць. Як тая гераіня казкі Прынцэса за пацалункі, сучасная жанчына можа кахаць за “БМВ”, а за калье пайсці ў рэстаран. А тэатр павінен выхоўваць маленькіх гледачоў”.
Па словах мастацкага кіраўніка “Лялькі”, у пастаноўцы “Прынцэса і Свінапас” аб’яднаны дзве п’есы – расійская і балгарская. А вось вершы ў ёй прагучаць арыгінальныя – іх напісала загадчыца літаратурнай часткі тэатра, віцебская паэтэса Людміла Сіманёнак.
3 кастрычніка ў «Ляльцы» пройдуць два спектаклі: а 11-й – казка “Жыў-быў Заяц” для маленькіх гледачоў (перад гэтым у фае для іх адбудзецца канцэрт), а ў 18.00 пачнецца “Дэкамерон”. Перад пачаткам вячэрняга спектакля пройдзе традыцыйнае ўзнагароджанне лепшых артыстаў 24-га сезону. Будуць вызначаныя пераможцы ў намінацыях “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшая жаночая роля” і “Дэбют сезону”.
Як заўжды, творчасць віцебскіх лялечнікаў убачаць і за мяжой. У лістападзе трупа тэатра са спектаклем “Жыў-быў Заяц” паедзе ў польскі горад Ольштын, а ў снежні прыме ўдзел у Міжнародным фестывалі лялечных тэатраў у Бухарэсце (Румынія).
У скарбонцы “Лялькі” шмат і іншых цікавых імпрэз, акрамя тэатральных пастановак. Так, 20 кастрычніка артысты запросяць да сябе студэнтаў і ўсіх жадаючых на “Баль у гонар Агінскага”. А ў канцы лістапада тут пройдуць мерапрыемствы ў гонар Уладзіміра Караткевіча. Карэспандэнты “ННВ” плануюць наведваць гэтыя і іншыя імпрэзы лялечнікаў і распавядаць аб іх сваім чытачам.