Сяргей Каваленка, які зараз знаходзіцца на абследванні ў псіхіятрычным шпіталі ў Навінках, пачаў самастойны выхад з галадоўкі. Пра гэта паведаміў бацька Сяргея, пасля суcтрэчы з сынам, якая адбылася 13 красавіка.
Вось што распавёў Аляксандр Каваленка “ННВ” пра стан актывіста Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ:
— Ён ужо стаў патроху выходзіць з галадоўкі. Раней яго кармілі прымусова, а зараз ён ужо сам есць. Сяргей вельмі худы — скура ды косці, але трымаецца нармальна. Я зараз завёз яму сокі, садавіну. Мне дазволілі з ім паразмаўляць. Ён цяпер знаходзіцца на экспертызе. Яго не лечаць, а толькі цягам месяца будуць назіраць. У калоніі "Віцьба-3" над ім здзекваліся: невядома што калолі, прывязвалі на два, на тры дні да ложка, не дазвалялі выходзіць у туалет, устаўлялі катэтары.
Таксама бацька палітвязня адзначыў, што Сяргей Каваленка патрабаваў, каб яго даставілі на разгляд касацыйнай скаргі, нягледзячы на цяжкі стан. Пасля адмовы ён стаў вырываць катэтары і моцна пашкодзіў сабе вену на левай руцэ, дзе застаўся шнар.
Нагадаем, што спадар Каваленка быў асуджаны 24 лютага 2012 года на 2 гады і 1 месяц зняволення за парушэнне ўмоваў адбыцця «хатняй хіміі», якой ён быў пакараны за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску 7 студзеня 2010 года.
Галадоўку пратэста ён распачаў 19 снежня 2011 года, пасля затрымання. У галадоўцы быў перапынак, але з 8 лютага яна была адноўлена, прычым некалькі дзён перад судом актывіст не піў нават вады. У пачатку красавіка Сяргея Каваленку пачалі карміць прымусова праз зонд.