Міжнародны фестываль тэатра лялек і анімацыйных фільмаў у Віцебску
Напачатку ліпеня ў Віцебску ў тэатры “Лялька” ў межах Міжнароднага фестывалю тэатра лялек і анімацыйных фільмаў для дарослых “Лялька таксама чалавек” чакаецца паказ польскіх спектакляў і анімацыйных фільмаў.
Гэты фестываль штогадова праводзіцца ў розных гарадах свету (з 2006 года). Ініцыятарам праекта выступае акцёрская асацыяцыя Польшчы “Саюз Тэатр Немагчымы”, якая ўжо на працягу 15 гадоў прапагандуе ў розных краінах свету тэатр лялек для дарослых. Мэта фестывалю – паказаць, што анімацыя і тэатр лялек з’яўляюцца паўнапраўнай мовай тэатральнага і кінамастацтва, накіраванай не толькі на дзіцячую аўдыторыю. Спектаклі “Саюза Тэатр Немагчымы” неаднаразова адзначаліся прэстыжнымі ўзнагародамі міжнароднага ўзроўню. У гэтым годзе магчымасць пабачыць гэтыя пастаноўкі атрымаюць і жыхары Віцебска.
2 ліпеня плануецца паказ спектакля для дарослых “Саюза Тэатр Немагчымы” “Другі пакой”, пастаўленага па адной з п’ес, напісанай Збігневым Гербертам. Гэта імпрэсія, як яе называюць самі аўтары, будзе паказана на беларускай мове. Свядома пазбаўленая акцёрскай экспрэсіі, яна стварае ўнікальную атмасферу і пакідае непаўторныя ўражанні. У гэты ж дзень адбудзецца прагляд анімацыйных фільмаў студыі “Се-ма-фор” – найстарэйшай і самай вядомай студыі Польшчы, якая за час свайго існавання зрабіла больш за 1400 фільмаў, што атрымалі мноства ўзнагарод, сярод якіх – два Оскара.
3 ліпеня гледачы ўбачаць спектакль “Тапорлянд”, які ўяўляе сабой сцэнічны жарт з элементамі музычнага канцэрту, фільмавай канвенцыі, анімацыі і лялечнага тэатра. Асновай пастаноўкі з’яўляюцца апавяданні французскага аўтара Раланда Тапора, якія ажываюць пад натхняльныя кампазіцыі І.С.Баха і музыку кантрабаса, што выконваецца ўжывую аўтарам – Багданам Шчэпаньскім. Сумесь чорнага гумару, лірызму, паэтычнасці надаюць твору неверагодную самабытнасць. Пасля спектакля запланаваны паказ анімацыйных фільмаў для дарослых студыі “Серафіньскі”. Гэта студыя групуе вакол сябе найвыдатнейшых незалежных творцаў анімацыйных фільмаў, неаднаразова адзначаных на шматлікіх нацыянальных і міжнародных фестывалях.