Хутка фэст экскурсаводаў
20-21 красавіка ў Беларусі пройдзе 5-ты Фэст экскурсаводаў – шэраг бясплатных экскурсій, якія будуць праведзены спецыялістамі і аматарамі па небанальных мясцінах і тэмах.
У Віцебску адбудуцца дзве экскурсіі: 20 красавіка Алена Арцёмава правядзе жадаючых па “Віцебску Марка Шагала” (збор у 12:00 на агляднай пляцоўцы Свята-Успенскага сабора), а 21 красавіка Уладзімір Булаўскі распавядзе пра “Віцебскую гісторыю ў фармаце эстафеты” (збор ля помніка Пушкіну ў 15:00).
Яшчэ восем экскурсій мусяць адбыцца ў іншых гарадах Віцебскай вобласці: “Ад сейміка да староства” у Браславе, “Яно маё — Глыбокае! І блізкае й далёкае” ў Глыбокім, “Оршанская старина” і “Табе, мой горад, прысвячаецца” ў Оршы, “Плошча Свабоды ў Полацку: мінулае і сучаснае”, “Гісторыя верхняга замка”, “Езуіты ў Полацку” і “Шпацыр па праспекту Ф.Скарыны”. Час і менсца пачатку гэтых экскурсій можна даведацца на сайце фэста.
Сёлета “Фэст экскурсаводаў” праводзіцца пры падтрымцы Дэпартамента па турызму Міністэрства спорта і турызма Рэспублікі Беларусь.