У Віцебску прадаюць помнік архітэктуры XIX стагоддзя пад выглядам пасляваенных будынкаў
На 9 лютага Віцебскім абласным тэрытарыяльным фондам дзяржаўнай маёмасці прызначаны аўкцыён па продажы будынкаў №10, №10б і №12 па вуліцы Дзімітрава, з якіх два — №10 і №12 — уваходзяць у склад гісторыка-культурнай каштоўнасці 3 катэгорыі.
Гэтыя два дамы разам з домам №10а, які ўжо раней быў рэканструяваны, складаюць комплекс будынкаў канца XIX стагоддзя ўнесены ў пералік матэрыяльных аб’ектаў, якім нададзены статус гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Да 2002 году гэты аб’ект называўся “Архітэктурны комплекс з карэтным дваром”, але потым згадку пра карэтны двор чамусьці выкінулі.
У той жа час у інфармацыі пададзенай на сайце “Віцебскаблмаёмасці” пазначана, што дом №10 пабудаваны ў 1953 годзе, а дом №12 — у 1947 годзе. Разам з гэтымі будынкамі прадаецца гараж пабудовы 2002 года.
Прадаўцом аб’екта выступае Віцебскі раённы выканаўчы камітэт. Пачатковы кошт аўкцыёна ўстаноўлены ў памеры 6 424 544 788 рублёў. Ніякіх умоў будучаму гаспадару гістарычнай забудовы не ставіцца.
Рэканструкцыя комплекса пачалася ў 2013 годзе, тады быў кардынальна зменены від старадаўніх будынкаў. Аднак завяршыць удалося толькі пераробку дома №10а, а будынкі №10 і №12 былі закансерваваныя. Цяпер яны выстаўляюцца на аўкцыён.