Ганна Шарэйка стала Чалавекам года Віцебска-2014
Па выніках галасавання, якое штогод праводзіць інтэрнэт-выданне “Народныя навіны Віцебска”, Чалавекам года Віцебска абраная арыштаваная сенатар Ганна Шарэйка.
Дырэктар ААТ “Віцебская бройлерная птушкафабрыка” і член Савета Рэспублікі Ганна Шарэйка ў чэрвені 2014 года была пазбаўленая сенатарскай недатыкальнасці і арыштаваная. Ёй высунутыя абвінавачванні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі і карупцыі.
Ганна Шарэйка нарадзілася ў вёсцы Антаполле Чашніцкага раёна, скончыла Віцебскі ветэрынарны інстытут па спецыяльнасці «ветэрынарны ўрач» і Усерасійскі навукова-даследчы і тэхналагічны інстытут птушкагадоўлі па спецыяльнасці «навуковая заатэхнія». Мае ступень кандыдата сельскагаспадарчых навук. Працоўную дзейнасць пачала рабочай саўгаса «Слідчаны» у Чашніцкім раёне, а Віцебскую бройлерную птушкафабрыку тады 38-гадовая Шарэйка ўзначаліла ў 1998 годзе.
За Ганну Шарэйка свае галасы аддалі 466 чалавек, што складае 47% ад 990 прыняўшых удзел у галасаванні. Другое месца заняла намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры «Віцебск» Марына Раманоўская, за якую прагаласавалі 290 чалавек ці 29%.
Хто павінен стаць Чалавекам года Віцебска-2014?
- Ганна Шарэйка (47%, Галасоў: 466)
- Марына Раманоўская (29%, Галасоў: 290)
- Сяргей Вехцеў (10%, Галасоў: 95)
- Аркадзь Бароўскі (7%, Галасоў: 71)
- Юлія Кузьменка (4%, Галасоў: 41)
- Алена Агафонава (3%, Галасоў: 27)
Усяго галасоў: 990
У папярэднія гады званнем “Чалавек года Віцебска” былі ўганараваныя першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін (2013), маці растралянага Любоў Кавалёва (2012), бізнэсмен і культурны дзеяч Гарык Аганджанян (2011), “Міс інтэрнэт Віцебск” Кася Сцяпанава (2010), старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец (2009 год), “Міс Беларусь” Вольга Хіжынкова (2008 год).