Мікалай Плавінскі прэзентаваў у Віцебску кнігу пра скарбы і курганы
Вядомы беларускі гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі прэзентаваў у Віцебску сваю кнігу нарысаў “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі”. Віцебская прэзентацыя была прэм’ернай у Беларусі.
На сустрэчы з чытачамі, якая прайшла 29 сакавіка на віцебскай Арт-базе, аўтар казаў пра нялёгкую працу археолагаў, пра чорных капальнікаў ды эратычныя графіці нашых продкаў. Не абышоў увагай і помнік Аляксандру Неўскаму…
Цікавыя археалагічныя факты ў папулярнай форме
Кніга “Скарбы, курганы, замкі і іх даследчыкі” выйшла ў выдавецтве “Беларускі кнігазбор” накладам 4 тыс. асобнікаў і складаецца з 10 нарысаў. Большасць з іх публікавалася раней ў выданні “Літаратура і мастацтва”.
Тыя, хто паспеў пагартаць ці набыць кніжку, адзначаюць яе густоўнае аздабленне і якасную паліграфію. Выданне з’явіцца ў кнігарнях ужо ў красавіку. Кошт (на прэзентацыі) – 70 тыс. рублёў.
“Навошта гэта ўсё рабілася? Звычайна кнігі па археалогіі, якія выдаюцца тут і дзе заўгодна, – гэта дастаткова спецыяльная і даволі нудная літаратура. А тут была мэта данесці найбольш цікавыя археалагічныя факты ў максімальна папулярнай форме”, - патлумачыў Плавінскі.
Пад вокладкай “Скарбаў…” – артыкулы пра беларускія скарбы эпохі вікінгаў IX-XI стагоддзяў (у тым ліку пра “Гараўлянскі скарб”, знойдзены на Глыбоччыне), раздел пра так званы Пояс Вітаўта, нарысы пра “таямніцы сівых курганоў”, раскопы ў Браславе і Мядзелі, два артыкулы пра Язэпа Драздовіча і захапляльны аповед пра сярэднявечныя “фотаздымкі” – графіці.
Анансаваўшы кожны раздзел, Мікалай Плавінскі адказаў на пытанні слухачоў, якія цікавіліся спецыфікай працы на раскопах, чорнымі капальнікамі ды зместам сярэднявечнага графіці.
На руках чорных капальнікаў – 200 тысяч металадэтэктараў
Наконт праблемы чорнай археалогіі гісторык заўважыў, што курганы вельмі актыўна знішчаюцца шукальнікамі старажытных прадметаў: “Калі такімі тэмпамі пойдзем, дык невядома, ці застанецца ў нас што-небудзь наогул...”
“Пры гэтым на заканадаўчым узроўні пакуль што не робіцца аніякіх крокаў, каб змагацца з чорнымі капальнікамі. Хаця законапраект існуе, але… Пра пчалаводства вось закон прынялі, а пра барацьбу з чорнай археалогіі – не”, - дадае археолаг.
Паводле Мікалая Плавінскага, у нашай краіне на руках капальнікаў як мінімум 200 тысяч металадэтэктараў. Археолаг кажа, што за гады існавання незалежнай Беларусі да суду не дайшла ніводная крымінальная справа, узбуджаная супраць чорных археолагаў. “Нават адміністратыўныя справы не даводзяцца…” – наракаў археолаг.
Акрамя таго, у беларускім заканадаўстве адсутнічае зараз норма ўзнагароджання за знаходку скарба (раней была прапісанай ў Грамадзянскім кодэксе). І гэта таксама стварае вялікія праблемы. “Але я пра гэта не пішу. Тут усё рамантычна і прыгожа”, – пасміхаўся аўтар, дэманструючы вынік сваёй творчай працы.
І ніякай рамантыкі і барацьбы з ажыўшымі муміямі...
Мікалай Плавінскі задаволіў таксама цікавасць прыгожай дзяўчыны наконт сюжэтаў старажытных графіці. Як кажа гісторык, нашы продкі, як цяпер і мы, любілі дзесьці штосьці надрапаць і намаляваць, у розных жанрах – ад выяваў святых да аголенай натуры. “Яны нічым ад нас не адрозніваліся. У тым ліку пісалі і тыя цудоўныя словы, што зараз пішуць на заборах…” – запэўніў археолаг.
Ён паспрабаваў таксама развеяць міф пра рамантычнасць сваёй прафесіі: “Усе ўяўляюць археолагаў вельмі рамантычнымі персанажамі. Я нават змясціў у кнізе карцінку з Індзіанам Джонсам з бізуном і пісталетам – як прыклад сапраўднага археолага. Але насамрэч археалогія – гэта ў сваёй штодзённасці дастаткова сумная праца. Больш нагадвае бухгалтэрыю. І ніякай рамантыкі, знаходак скарбаў і барацьбы з ажыўшымі муміямі звычайна няма...”
У апошнім раздзеле кнігі “Адвечныя першапраходцы” Мікалай Плавінскі распавядае пра найбольш вядомых беларускіх археолагаў і пра помнікі, якія з’яўляюцца эталонамі беларускай археалогіі.
Пра праект помніка Аляксандру Неўскаму: “Выглядаў ён не гістарычна…”
У самым канцы сустрэчы па просьбе карэспандэнта ННВ Мікалай Плавінскі выказаў сваё меркаванне наконт помніка Аляксандру Неўскаму, які плануюць усталяваць у Віцебску.
“Ну хочуць паставіць – горш ад гэтага не будзе. Але і лепш – таксама. Якое ён мае дачыненне да Віцебска – незразумела. Толькі ўскоснае”, - сказаў гісторык. Ён прызнаўся, што бачыў праект помніка, і “выглядала гэта досыць жудасна”. Як адмыслоўца, Плавінскі рэцэнзаваў праект у частцы гістарычнай вопраткі і дэталяў.
“Так, выглядаў ён рэальна не гістарычна. Не ведаю, наколькі гэта будзе перароблівацца, я слаба ў гэта веру. Ну, нейкая праца ў іх там ідзе. Але гэта ж каштуе шалёных грошай! І я не думаю, што ў сённяшніх абставінах яго хутка паставяць, бо гэта велізарныя грошы...” – мяркуе Мікалай Плавінскі.
Мікалай Плавінскі – кандыдат гістарычных навук, археолаг. Вывучае пытанні гісторыі старажытнарускай зброі і матэрыяльнай культуры насельніцтва Беларусі X-XIII стагоддзяў. Займаецца археалогіяй Полацкай зямлі і сумежных рэгіёнаў. Аўтар каля 90 артыкулаў і 6 манаграфій.
Відэа: Аляксандр Пяршай