У Віцебску адбудзецца сустрэча са шведскай пісьменніцай Юі Вісландэр
29 кастрычніка ў Віцебску адбудзецца сустрэча са шведскай пісьменніцай Юі Вісландэр — аўтарам аўтаркай сусветна вядомай серыі казак пра Маму Му і Крумкача.
Падчас сустрэчы шведская пісьменніца пазнаёміць маленькіх чытачоў з новай кніжкай «Мама Му ў басейне», якая пабачыла свет па-беларуску дзякуючы супольным намаганням перакладчыцы Надзеі Кандрусевіч і выдавецтва «Логвінаў». Падарункам для дзетак стане таксама выступ лялечнага тэатрыка «Лямцавая батлейка», які прапануе сваю версію новай кніжкі пра прыгоды незвычайнай кароўкі і яе вясёлага сябра крумкача. Завершыць мерапрыемства невялічкі майстар-клас, на якім дзеткі самі зробяць сувенірчык на памяць пра цікавае знаёмства. Сустрэчы адкрые Пасол Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Марцін Оберг, а напрыканцы кожны, хто пажадае, зможа ўзяць аўтограф у Юі Вісландэр і сфатаграфавацца з яе цудоўнымі персанажамі.
Юя Вісландэр – вядомая шведская дзіцячая пісьменніца, сябра Шведскай дзіцячай акадэміі. Яе кнігі пра Маму Му і Крумкача былі перакладзеныя больш чым на 30 моваў свету. У 2012 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» распачала друкаваць па-беларуску серыю кніг пра Маму Му. Першай выйшла кніга «Мама Му чытае», а ў 2013-2014 гадах свет пабачылі яшчэ тры яе кніжкі: «Мама Му прыбірае», «Мама Му будуе дамок» і «Мама Му, Крумкач і Каляды». Цяпер у выдавецтве «Логвінаў» рыхтуецца да выхаду пятая кніга «Мама Му ў басейне», якая мусіць з’явіцца да прыезду Юі Вісландэр у Беларусь. Дарэчы, беларускія чытачы ўжо раней мелі магчымасць пазнаёміцца з кнігамі шведскай пісьменніцы “Малы і мядзведзік” і “Малы і Білан” па-беларуску.
«Лямцавая батлейка» – лялечны тэатрык Веранікі Фаміной, персанажы якога зробленыя ў традыцынай для Беларусі тэхніцы валяння з экалагічнага матэрыялу – воўны. Гісторыя тэатрыка цесна звязана з гісторыяй серыі кніжак пра Маму Му. Першы спектакль «Мама Му чытае» адбыўся разам з прэзентацыяй аднайменнай кніжкі. За тры гады «Лямцавая батлейка» падцвердзіла свой фармат партатыўнага вандроўнага тэатра. Дзякуючы падтрымцы Пасольства Швецыі і культурніцкай арганізацыі «Будзьма беларусамі!», спектакль пабачылі дзеткі па ўсей Беларусі: у вялікіх гарадах і маленькіх весках, у дзіцячых прытулках і школах, у садках і бібліятэках.
Сустрэча пройдзе ў Бітлз-клубе «Паддашак» (вул. Кастрычніцкая, 12), пачатак а 17:30. Уваход вольны. Дадатковую інфармацыю інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне: +375-25-9133876.