Мінкульт: Віцебскі аблвыканкам прапрацоўвае пытанне перадачы капліцы Дуніных-Слепсцяў католікам для аднаўлення
Міністэрства культуры адмовіла ў прысваенне будынку капліцы Дуніных-Слепсцяў статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, але паведаміла, што будынак можа быць перададзены Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла для аднаўлення.
У адказе міністэрства, дасланым ад імя намесніка міністра Аляксандра Яцко сказана, што з-за таго, што будынак былой капліцы па вуліцы Урыцкага, 25/4 у Віцебску страціў свае гістарычныя асаблівасці, пытанне аб наданні яму статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці не можа быць вынесена на разгляд Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры міністэрстве культуры.
Пры гэтым спадар Яцко спасылаецца на тое, што знешні выгляд будынка пасля перабудоў, якія адбыліся ў папярэднія гады, адрозніваецца ад гістарычнага. Таксама адзначаецца, што перабудова змяніла аб’емна-прасторавае рашэнне будынка, што прывяло да страты першапачатковага аблічча і адметных архітэктурных элементаў на фасадах. А, згодна пункта 2 артыкула 20 закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь”, рашэнне аб неабходнасці надання матэрыяльным аб’ектам статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці можа быць прынята толькі ў адносінах да аўтэнтычнага ці рэстаўрыраванага ў адпаведнасці з навукова-праектнай дакументацыяй матэрыяльнага аб’екта, пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомага матэрыяльнага аб’екта павінна прайсці не менш чым 40 гадоў і ён павінен быць поўнасцю або не менш чым на 90 працэнтаў адноўлены ў адпаведнасці з гістарычнымі данымі на ранейшым месцы.
Пры гэтым міністэрства культуры дадаткова паведамляе, што па інфармацыі, прадастаўленай у рабочым парадку з Віцебскага аблвыканкама, прапрацоўваецца пытанне аб перадачы будынка на баланс Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага касцёла для далейшага яго аднаўлення.
Трэба заўважыць, аднак, што згодна пункта 3 артыкула 19 вышэй згаданага закона, прымаць рашэнне аб наданні выпадкова выяўленаму аб’екту статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці або аб адсутнасці неабходнасці надання яму такога статусу можа толькі навукова-метадычнай радай, а не нейкім паасобным супрацоўнікам міністэрства. У той жа час, згодна пункта 2 гэтага артыкула, павінны быць безадкладна прыпыненыя работы або іншая дзейнасць, якія могуць аказваць уздзеянне на выпадкова выяўлены аб’ект і прынятыя меры па яго захаванню. Мясцовыя ўлады ў такім выпадку павінны ў двухдзённы тэрмін паведаміць пра аб’ект у міністэрства культура, а адтуль, не пазней чым праз тры дні, павінны прыслаць прадстаўніка, які пасля агляду на месцы выдае пісьмовае прадпісанне, у якім вызначае часовы рэжым утрымання гэтага аб’екта з указаннем тэрміну яго дзеяння, або пры відавочнай беспадстаўнасці меркавання аб наяўнасці ў аб’екта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей складае акт аб іх адсутнасці. Прыпыненыя ў сувязі з выяўленнем нерухомага матэрыяльнага аб’екта работы або іншая дзейнасць аднаўляюцца толькі з пісьмовага дазволу міністэрства культуры.
Што трэба зрабіць з капліцай Дуніных-Слепсцяў у Віцебску (сярэдзіна XIX ст.)?
- Аднавіць у першапачатковым выглядзе (74%, Галасоў: 282)
- Закансерваваць да лепшых часоў (16%, Галасоў: 63)
- Знесці, як плануюць (10%, Галасоў: 37)
Усяго галасоў: 382